Лепшага выпускніка Полацкага ліцэю пазбавілі чырвонага дыплёму
Актывіста Маладога фронту і "Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі" Зьмітра Сакалова, лепшага выпускніка Полацкага ліцэю, пазбавілі чырвонага дыплёму з-за палітычных перакананьняў.
Пасьля суду за акцыю з расьцяжкай "Свабоду палітвязьням!" на галоўнай плошчы горада, Полацкі ліцэй наведалі супрацоўнікі КДБ.
"Прадстаўнікі КДБ размаўлялі пра мяне з намесьнікам дырэктара па выхаваўчай працы Бараноўскай Сьвятланай Аляксандраўнай. Яны хацелі атрымаць агульную характарыстыку, цікавіліся маімі паводзінамі, пасьпяховасьцю ў вучобе, палітычнымі перакананьнямі, пасьля чаго намесьніка дырэктара папракалі ў тым, што яна няправільна выхоўвае моладзь" – кажа Зьміцер.
Зьміцер Сакалоў зьяўляецца лепшым у групе па вучобе і да візыту прадстаўнікоў КДБ быў адзіным прытэндэнтам на чырвоны дыплём. Аднак пасьля педагагічны калектыў вырашыў не ісьці на канфлікт з КДБ і пазбавіў выпускніка чырвонага дыплёма. Выкладчыкі параілі вучню нікуды не "ўмешвацца " да заканчэньня ліцэю.
Паводле mfront.net