Ліквідатар Васіль Сіліверст патрапіў ў Рэчыцкі шпіталь
Васіль Сіліверст, ліквідатар-чарнобылец, знаходзіцца ў рэанімацыі рэчыцкага шпіталя. Ён сёньня наведаў Рэчыцу. Спадар Сіліверст апавёў “Свабодзе”, што калі падышоў да райвыканкаму, да яго раптам кінуліся ахоўнікі са службы бясьпекі Аляксандра Лукашэнкі. Яны закруцілі яму рукі і павалілі на зямлю.
На месцы інцыдэнту сп.Сіліверст заўважыў таксама супрацоўнікаў міліцыі з крымінальнага вышуку Гомеля, а таксама мясцовых супрацоўнікаў КДБ.
У выніку гвалтоўнага затрыманьня інваліду-чарнобыльцу стала млосна. Ахоўнікі А.Лукашэнкі самі выклікалі “хуткую”. Мэдыкі канстатавалі гіпэртанічны крызіс. У шпіталі спадара Сіліверста паклалі ў рэанімацыю.
Сам Васіль Сіліверст лічыць, што ён трапіў пад “зачыстку”. Паводле яго, ахоўнікі “прыбралі” яго, каб не сапсаваў пампэзную карціну дабрабыту, бо чарнобылец мог задаць пытаньне пра скасаваньне льготаў.
Па інфармацыі радыё Свабода