Магілёў: затрыманьне журналіста і грамадскага актывіста

Незалежную журналістку Ганну Ільіну і кіраўніка гарадзкой арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Сяргея Стральцова затрымалі ў Магілёве на месцы, дзе невядомыя вывесілі бел-чырвона-белы сьцяг. Ільіну і Стральцова зьвінавацілі ў тым, што яны без дазволу фатаграфавалі міліцыянтаў.

Праз тэлефон Ганна Ільіна паведаміла “Свабодзе”, што яны знаходзяцца Ленінскай управе ўнутраных спраў Магілёва. Туды іх даставілі на загад начальніка аддзелу прафіляктыкі і правапарадку міліцыі Юрыя Кірыловіча.

Бел-чырвона-белы сьцяг міліцыянты забралі з сабою.
Рэдактарка незалежнай газэты “Магілёўскі час” Ганна Ільіна і кіраўнік гарадзкой арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Сяргей Стральцоў прабылі ў міліцыі больш за гадзіну.

Начальнік аддзелу прафіляктыкі і правапарадку міліцыі Юры Кірыловіч намагаўся канфіскаваць у актывістаў картку флэш-памяці іхнага фотаапарата. У міліцыянта не знайшлося законных падставаў для гэтага. Правёўшы з актывістамі прафіляктычную гутарку ён іх адпусьціў.

Адказнасьць за разгортваньне сьцягу ўзяла на сябе незарэгістраваная арганізацыя "Малады фронт.

Паведамляе радыё Свабода