Макаева адпусьцілі ўначы і склалі пратакол
Сёньня ўначы ў 2.15 аднаго з лідэраў прадпрымальніцкага руху ў Менску Аляксандра Макаева, а таксама Алега Корбана, Міколу Сергіенку і Надзею Сінькевіч адпусьцілі з міліцыі Ленінскага РУУС. Міліцыянты склалі пратаколы за дробнае хуліганства на Макаева, Корбана і Сергіенку, якія нібыта нецэнзурна лаяліся падчас ператрусу. Позвы ў суд ім уручылі на 12 сьнежня.
Нагадаем, учора ўвечары ў офіс Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў на вуліцы імя Якубава ў Менску (мікрараён Серабранка) прыйшлі міліцыянты ўпраўленьня ўнутраных спраў Ленінскага раёну і пачалі ператрус. Яны канфіскавалі каля 5 тысячаў знойдзеных улётак з інфармацыяй аб плянаваным мітынгу 10 сьнежня. Міліцыянты таксама забралі “для вывучэньня” аргтэхніку.
У выпадку, калі прадпрымальніка затрымаюць 10-га і будуць судзіць паводле адміністрацыйнага правапарушэньня, то пратакол за дробнае хуліганства можа павялічыць яму тэрмін арышту.
Паводле радыё Свабода