Масавыя арышты пад шумок пошуку тэрарыста
У турме аказаліся Ілья Богдан з Моладзі БНФ, Антон Койпіш — палітвязень па Справе 14‑ці, Павал Кур’яновіч з «Эўрапейскай Беларусі», Сяргей Высоцкі з Партыі Свабоды, Тацяна Пікун і Аляксандар Сергіенка з АГП. Доказам «падазронасьці» служыць наяўнасьць у доме цьвікоў.
Супрацоўнікі КДБ затрымалі актывістаў кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Аляксандра Сергіенку і Паўла Кур’яновіча. Пасьля ператрусу іх адвезьлі на допыт.
Сястра Паўла Кур’яновіча Паліна паведаміла, што яе брат патэлефанаваў ёй з тэлефона сьледчага і сказаў, што яго трое сутак будуць трымаць у ізалятары часовага ўтрыманьня як падазраванага ў крымінальнай справе (злоснае хуліганства), якую распачалі пасьля выбуху самаробнай бомбы падчас сьвяточнага канцэрту 4 ліпеня.
Актывіст руху «Джынс за свабоду» Павал Юхневіч паведаміў «Свабодзе», што сувязь з Аляксандрам Сергіенкавым таксама адсутнічае. Яго таксама трымаюць у камэры ізалятара.
Паплечнікі актывіста моладзевай незарэгістраванай арганізацыі «Бунт» Антона Койпіша таксама ўпэўненыя, што яго пасьля допыту накіравалі ў ізалятар часовага ўтрыманьня.
На кватэры моладзевага актывіста партыі БНФ Ільлі Богдана адбыўся ператрус. Пасьля зканчэньня ператрусу маладзён быў дастаўлены ў сьледчы камітэт ГУУС Мінгарвыканкама.
Доказам «падазронасьці» служыць наяўнасьць у доме цьвікоў.
Такім чынам за кратамі ў падазрэньні да выбуху падчас сьвяточнага канцэрту трымаюць восем актывістаў беларускага руху.
Паводле Нашай Нівы