Менскі абласны суд пацьвердзіў высылку зь Беларусі пастара Я.Лукасіка
Калегія Менскага абласнога суду пакінула ў сіле рашэньне суду Мядзельскага раёну аб высылцы з краіны пастара эвангельскай царквы “Яна Прадвесьніка” Яраслава Лукасіка.
Грамадзянін Польшчы Яраслаў Лукасік быў абвінавачаны ў дзейнасьці “накіраванай на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Беларусі ў сфэры рэлігійных стасункаў”.
Упраўленьне міліцыі Мядзельскага раёну, на тэрыторыі якога пастар быў прапісаны, загадала яму да 7 чэрвеня пакінуць тэрыторыю Беларусі. Яму забаронена наведваць Беларусь цягам 5 гадоў. Спадар Лукасік, а таксама ягоная жонка Натальля і трое дзяцей, якія зьяўляюцца грамадзянамі Беларусі, выехалі ў Польшчу.
Натальля Лукасік лічыць, што сёньняшняе судовае рашэньне было звычайнай фармальнасьцю і было прынятае раней. “Пры гэтай уладзе майму мужу не дазволяць уехаць у Беларусь,” – лічыць спадарыня Лукасік.
Сям’я Лукасікаў зьбіраецца абскарджваць рашэньне ў судзе вышэйшай інстанцыі.
Паведамляе радыё Свабода