Моладзевуму актывісту не даюць давучыцца
18-гадовага актывіста Станіслава Сенакосава адлічылі з Магілёўскага прафэсійнага ліцэю № 2.
Актывіст цьвердзіць, што нагодай для адлічэньня сталася яго грамадзкая дзейнасьць. У адміністрацыі ліцэю сьцьвярджаюць, што хлопец груба парушыў дысцыпліну.
Станіслава Сенакосава неаднойчы затрымлівала магілёўская міліцыя падчас моладзевых акцыяў у горадзе. Ён зазначае, што пра яго грамадзкую дзейнасьць і затрыманьні адміністрацыя ліцэю ведала.
“Я зьвязваю сваё адлічэньне з тым, што займаюся грамадзкай дзейнасьцю. Са мной размаўляла кіраўніцтва. Казалі, калі я не спыню гэтага, у мяне будуць праблемы з навучаньнем. Калі мне споўніцца васямнаццаць год, мяне адлічаць папросту. Тады я не надаў гэтаму вялікага значэньня. Вось мне нядаўна споўнілася васямнаццаць год, я прапусьціў адзін занятак, і ў сувязі з гэтым мне падпісалі загад аб адлічэньні. Там напісалі, што я парушыў унутраны расклад”.
Пасьля адлічэньня хлопец пайшоў вучыцца ў вячэрнюю школу, а потым мяркуе працаваць на заводзе. Грамадзкай дзейнасьці ён не зьбіраецца кідаць. Сам ён ацэньвае свае посьпехі ў навучаньні як сярэднія. У ліцэі яму заставалася вучыцца крыху болей за паўгода.
Кіраўніцтва ліцэю адмаўляе, што Сенакосава адлічылі за грамадзкую дзейнасьць. Яно цьвердзіць, што нагодай для адлічэньня сталася грубае парушэньне дысцыпліны: ён нібыта абразіў гардэробшчыцу.
“Мы яго ня выкінулі на вуліцу. Калі ласка, ёсьць цэнтар занятасьці, там вячэрняя школа. Затое ў нас цяпер ёсьць нейкі мэтад, рычаг, з дапамогай якога мы зможам іншым на гэтым прыкладзе паказаць: глядзіце, хлопцы, так рабіць нельга”, — паведамілі ў адміністрацыі ліцэю.
Паводле Радыё Свабода
Post new comment