МУЗЫКАЎ ЗВАЛЬНЯЮЦЬ З ПРАЦЫ ПАСЛЯ ВЯРТАНьНЯ З “БАСОВІШЧА”

Пра гэта паведамілі адразу двум удзельнікам брэсцкага гурта "Сьцяна" – вакалісту Павалу Прохараву і барабаншчыку Аляксею Кузьняцову. Абодва хлопцы працуюць гукарэжысэрамі на Брэсцкай студыі тэлебачаньня.

Прычына ў тым, што музыкі не атрымалі дазвол пакінуць працу 19-20 ліпеня, а на першы дзень якраз быў запланаваны выступ "Сьцяны" на “Басовішчы”. І хлопцы зьехалі на фэстываль без дазволу адміністрацыі студыі. А па вяртаньні даведаліся, што з 8 жніўня іх звальняюць па артыкуле 48 п.5 Працоўнага кодэксу "за прагулы, якія пацягнулі за сабой парушэнні працоўнай дысцыпліны".

- Адмова адпусціць нас была нічым не матывавана. Мы знайшлі замену на гэтыя два дні, але дырэкцыя студыі ўсё роўна адмовіла. “Басовішча” – гэта цэнтральная падзея беларускай рок-музыкі, мы проста не маглі прапусьціць яе, таму і вырашылі зьехаць без дазволу, - сказаў Рацыі Аляксей Кузьняцоў.

Зараз супрацоўнікі студыі напісалі калектыўны зварот да адміністрацыі з просьбай не звальняць хлопцаў. Адказу на яго пакуль няма.

У гэткай жа сітуацыі апынуўся і гітарыст бярозаўскага гурта "BN" Максім Літвінец, які працуе інжынэрам у філіяле калгаса "Прамень". Музыка напісаў заяву, каб ўзяць два дні за свой кошт, але згоду дырэкцыі не атрымаў. Пасьля вяртаньня даведаўся, што з 24 ліпеня звольнены па тым жа артыкуле, што і брэсцкія музыкі. Да таго ж ён мусіць выплаціць каля 4,5 тысячаў эўра, бо не адпрацаваў патрэбныя два гады пасьля разьмеркаваньня на гэтае месца працы.

Паведамляе радыё Рацыя