Мілінкевіч зьвярнуўся да Лукашэнкі адносна справы Аўтуховіча
Кіраўніку Рэспублікі Беларусь
Лукашэнку Аляксандру Рыгоравічу
Мінск, 08 траўня 2009 г.
Аляксандр Рыгоравіч,
Прашу звярнуць Вашу ўвагу на лёс грамадзянаў нашай краіны Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Ўладзіміра Асіпенкі.
8 лютага 2009 года яны былі затрыманыя ў Ваўкавыску і ўсім траім было прад'яўлена абвінавачванне па арт.218 Крымінальнага Кодэксу Рэспублікі Беларусь (наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці). На працягу трох месяцаў знаходжання пад вартай з Аўтуховічам, Лявонавым і Асіпенкам фактычна не праводзяцца следчыя дзеянні, дагэтуль не адбыліся вочныя стаўкі з меркаванымі пацярпелымі і сведкамі абвінавачвання. Больш за тое, па злачынстве, у якім яны абвінавачваюцца, ужо было праведзенае следства, былі асуджаныя іншыя людзі, якія адбываюць пакаранне, шкода пацярпелым была кампенсаваная.
Пратэстуючы супраць зацягвання следства і несправядлівага характару свайго затрымання Мікалай Аўтуховіч быў вымушаны пайсці на адзіна даступную меру пратэсту ва ўмовах турмы – на галадоўку. Ён патрабуе неадкладнага пачатку адкрытага судовага разбіральніцтва або змянення меры ўтрымання для сябе, Юрыя Лявонава і Ўладзіміра Асіпенкі. Ён галадае ўжо 23-ыя суткі.
Справа ваўкавыскіх прадпрымальнікаў набыла міжнародны рэзананс, бо расцэньваецца міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі, як магчыма палітычна матываваны пераслед.
Каб выратаваць жыццё Мікалаю Аўтуховічу і ў мэтах паляпшэння іміджу нашай краіны, прашу Вас здзейсніць акт добрай волі і дзеля забяспечэння належных правоў і законных інтарэсаў згаданых грамадзянаў Рэспублікі Беларусь паспрыяць неадкладнаму пачатку адкрытага судовага разбіральніцтва па дадзенай справе, або змене меры ўтрымання для Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Ўладзіміра Асіпенкі.
З павагай,
Аляксандр Мілінкевіч
Паводле milinkevich.org
Post new comment