Мілінкевіч: Справа Зьмітра Дашкевіча — гэта тэст для ўлады
Учора ў Менску прайшло паседжаньне аргкамітэту па абароне палітвязьня Зьмітра Дашкевіча.
Цяпер на хлопца, які адбывае паўтарагадовае пакараньне ў шклоўскай калёніі, завялі новую крымінальную справу, паводле якой Зьмітру пагражае яшчэ паўгады зьняволеньня за адмову даваць паказаньні. Удзельнікі аргкамітэта вырашылі найбліжэйшым часам стварыць сайт, прысьвечаны Дашкевічу. Таксама было вырашана ехаць падчас суду ў Шклоў, незалежна ад таго ці будзе працэс адкрыты.
Старшыня аргкамітэту Аляксандар Мілінкевіч выказаўся пры сытуацыю наступным чынам:
«Ёсьць мноства рэчаў, якія мы можам зрабіць у падтрымку Зьмітра. Пачынаючы ад збору подпісаў у ягоную абарону, сканчваючы зваротамі ў эўрапейскія структуры. Асабіста я напішу звароты прэзыдэнту Эўрапарлямэнту, у ПАРЭ, прэзыдэнтам эўрапейскіх краін. Я лічу, што гэтыя людзі могуць вельмі моцна паўплываць на лёс канкрэтнага чалавека. Дэлегацыя «Маладога фронту» пойдзе на сустрэчу з дыпляматамі Эўрасаюзу. Справа Дашкевіча — гэта тэст для ўлады, на тое, ці яны зьбіраюцца зьмяняць сытуацыя ў краіне і пачаць супрацоўніцтва з Эўропай, ці не гатовыя на гэта. Відавочна, што ўсе эўрапейскія структуры будуць вельмі прынцыпова сачыць за падзеямі. Тое, што гэта палітычная і незаконная справа ўжо ніхто не сумняецца».