Міністэрства юстыцыі адмовіла ў рэгістрацыі праваабаронча-асьветніцкага грамадзкага аб’яднаньня “Рух “За Свабоду”

LOGO_RUCH[.gif

На сайце Міністэрства юстыцыі зьявілася рашэньне аб адмове ў рэгістрацыі грамадзкага аб’яднаньня “Рух “За Свабоду”. Адмова прынята на падставе таго, што “ўстаноўчая канферэнцыя аб’яднаньня праведзена ў лясным масіве на тэрыторыі нефункцыянуючага дзіцячага лягера з парушэньнямі закона “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”. “Гэтым быў парушаны парадак стварэньня грамадскага аб’яднання. У адпаведнасьці з артыкулам 15 Закона Рэспублікі Беларусь “аб грамадскіх аб’яднаньнях” у выпадку парушэньня ўстаноўленага парадку стварэньня грамадзкага аб’яднаньня, калі такое парушэньне носіць невыпраўляльны характар, прымаецца рашэньне аб адмове ў яго дзяржаўнай рэгістрацыі”, - гаворыцца ў рашэньні Мінюста.

 

Са словаў намесьніка старшыні ствараемага ПАГА “Рух “За Свабоду“ Юрася Губарэвіча, у пераліку нарматыўных дакумантаў, на падставе якіх утвараецца грамадзкае аб’яднаньне, няма спасылкі на Закон “Аб масавых мерепрыемствах у РБ”. А сам закон не рэгляментуе правядзеньне ўстаноўчых сходаў грамадзкіх аб’яднаньняў і палітычных партый. “Мы не разумеем прэтэнзій ў адмове Мінюста адносна месца правядзеньня ўстаноўчага сходу, паколькі ў нормах заканадаўства гэта не пазначана”.

- Мы будзем абскарджаваць гэта рашэньне Мінюста ў Вярхоўным судзе. І мы будзем зноў і зноў падаваць дакуманты на рэгістрацыю. Мы прымусім ўлады тлумачыць свае рашэньні беларусам і міжнароднай супольнасці. Больш за тое, дзьве адмовы ў рэгістрацыі мы разглядаем як прадузятыя адносіны і як тэндэнцыю. Гэтага дастаткова, каб заснавальнікі аб'яднаньня падалі скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН. І мы гэта абавязкова зробім пасьля ўсіх фармальнасьцяў па абскарджаваньні рашэньня Мінюста, - зазначыў Юрась Губарэвіч.