Міхась Пашкевіч можа патрапіць у турму

Затрымалі Міхась Пашкевіча, раней асуджанага да “хатняй хіміі” па “справе 14”.

 Калі суд прызнае яго вінаватым у хуліганстве, ён можа патрапіць у турму.

Як паведаміў “Свабодзе” лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, сёньня ўвечары быў затрыманы палітвязень Міхась Пашкевіч, які быў пакараны ўвесну па “справе 14”.

Лябедзька паведаміў, што сёньня адбылася палітрада партыі, сябрам якой зьяўляецца Пашкевіч, і ён быў дэлегаваны назіральнікам у Цэнтральную выбарчую камісію. Пасьля паседжаньня Міхась Пашкевіч накіраваўся на чыгуначны вакзал, дзе ў яго была прызначаная сустрэча, і там быў затрыманы.

“Ён толькі пасьпеў патэлефанаваць, што затрыманы невядома за што і яго вязуць у Кастрычніцкі РАУС. Я датэлефанаваўся да РАУС, і там мне паведамілі, што Пашкевіч зьдзейсьніў дробнае хуліганства. Зараз Міхась утрымліваецца ў турме на Акрэсьціна, суд адбудзецца ў панядзелак”, -- паведаміў Лябедзька. Ён дадаў, што паколькі Міхась раней быў асуджаны да так званай “хатняй хіміі”, то ў выпадку, калі суд прызнае яго вінаватым у дробным хуліганстве, Міхасю пагражае сапраўднае зьняволеньне.

 

 Паводле Радыё Свабода