На Андрэя Цянюту ўзбуджана крымінальная справа
Дазнавальнік УКДБ па Гомельскае вобласьці Андрэй Коласаў 27 верасьня дапытаў актывіста моладзевага дэмакратычнага руху Андрэя Цянюту й вынес пастанову аб прызнаньні яго падазраваным у дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі "Малады фронт".
У пастанове УКДБ указана, што А.Цянюта, "рэалізуючы сваю злачынную задуму, дыскрэдытуе дзяржаўныя органы ўлады й кіраваньня, дэстабілізуе сацыяльна-палітычную абстаноўку, уцягвае моладзь у рады структуры для арганізацыі агітацыйна-прапагандысцкіх мерапрыемстваў радыкальнай накіраванасьці".
Дазнавальнік таксама адзначыў, што А.Цянюта "стварае ілюзію ў грамадзтве аб наяўнасьці шырокага супраціўленьня дзейнай уладзе". На падставе матэрыялаў справы актывіст прызнаны падазроным і абавязаны па першым патрабаваньні зьяўляцца на сьледчыя мерапрыемствы.
А.Цянюта паведаміў БелаПАН, што на допыце ні на якія пытаньні не адказваў, скарыстаўшы сваё права не даваць паказаньняў у якасьці падазраванага.
За апошнія два месяцы актывіст восем разоў быў затрыманы міліцыяй па падазрэньні ў розных крымінальных злачынствах, у прыватнасьці ў згвалтаваньні, і ва ўчыненьні адміністрацыйных правапарушэньняў. 25 верасьня А.Цянюта выйшаў з ізалятара часовага ўтрыманьня пасьля адбываньня 10-сутачнага адміністрацыйнага арышту. У гэты перыяд у кватэры яго бацькоў супрацоўнікі КДБ правялі вобшук, канфіскаваўшы кампутэр і розную літаратуру.