Не - расправам над беларускай моладдзю!
Шаноўнае спадарства!
У нашай краіне працягваецца небылы ціск на моладзь, чые погляды не супадаюць з дзяржаўнай ідэялогіяй. Мацнейшыя рэпрэсіі абрынуліся на авангард моладзі, якая ўяўляе сабой сумленне і гонар нашага народа.
Самых светлых, адукаваных і таленавітых юнакоў і дзяўчат выключаюць з універсітэтаў, кідаюць у турмы, падвяргаюць вобшукам. Супрацоўнікі Камітэта дзяржбяспекі ўрываюцца ў прыватныя кватэры, пераследуюць на вуліцы, праслухоўваюць тэлефонныя размовы, дапытваюць моладзь у навучальных установах, аказваюць псіхалагічны ціск, пераследуюць бацькоў актывістаў.
Студэнты, якія навучаюцца у замежжы, пры прыездзе на канікулы падвяргаюцца затрыманню на мяжы, канфіскацыі кампутараў і асабістых рэчаў. Іх даймаюць тэлефоннымі званкамі і выклікамі ў КДБ. Адпачынак і сустрэчы з роднымі ператвараюццца ў невыносную пытку.
За масавыя акцыі з нацыянальнымі сцягамі, нашэнне нацыянальнай сімволікі, імкненне размаўляць на роднай мове, моладзь пераследуюць і караюць па месцы навучання, не дапускаюць да іспытаў, выганяюць з інтэрнатаў.
Судовыя разбіральніцтвы па адміністрацыйным справам поўныя ілжывых абвінавачванняў. Фармулёўкі “дробнае хуліганства”, “нецэнзурная лаянка” з тэрмінамі ўтрымання ў ізалятары- спецразмеркавальніку ад 5 да 15 сутак ужываюцца у адносінах да моладзі за распаўсюд агітацыйных улётак і газет. За краты пачалі трапляць нават маладыя дзяўчаты. Каб супрацьстаяць такім дзеянням, моладзь вымушана трымаць шматдзённыя галадоўкі пратэсту.
Вялікая хваля рэпрэсій захлынула Беларусь падчас прэзідэнтскіх выбараў. Каля тысячы маладзёнаў, якія адстойвалі права беларусаў на праўду, свабоду і справядлівасць, былі асуджаны на адміністрацыйныя арышты тэрмінам на 5 -15 сутак, былі збіты і кінуты за краты. Ужываліся таксама такія формы пытак, як утрыманне ў камеры памерам 1.5 на 1.5 метраў (так званым “стакане”).
Каля 150 студэнтаў буйнейшых навучальных устаноў былі выгнаныя з універсітэтаў. За актыўныя праявы дэмакратычных перакананняў асуджаныя на папраўчыя працы і турэмнае зняволенне лідары моладзевай арганізацыі “Малады Фронт”- Павал Севярынец, Зміцер Дашкевіч, Артур Фінькевіч. Чацвёра маладых сябраў арганізацыі ”Партнэрства”, якая вяла назіранне за выбарамі – Мікалай Астрэйка, Цімафей Дранчук, Аляксандр Шалайка, Эніра Браніцкая, былі осуджаныя на тэрміны турэмнага зняволення тэрмінам ад 6 месяцаў да 2 гадоў.
Адзін з заснавальнікаў арганізацыі “Малады Фронт”, Павал Севярынец, аўтар дзвюх кніг і лаўрэат літаратурнай прэміі беларускага ПЭН-центра, быў прысуджаны да 2 гадоў абмежавання волі і сёння знаходзіцца ў высылцы. Яго спадзвіжнік Зміцер Дашкевіч адбывае пакаранне тэрмінам ў паўтары гады ў калоніі ва ўмовах, якія сур’ёзным чынам адбіваюцца на ягоным здароўі.
Яго сябар, 21- гадовы Артур Фінькевіч, быз затрыманы за нанясенне палітычных графіці (якія з’яўляюцца формай салідарнасці з палітвязнямі) і быў асуджаны на 2 гады абмежавання волі.
Аналагічным чынам улада расправілася з 19-ці гадовымі Аляксандрам Казаковым і Змітром Зубро. Нядаўна быў заключаны ў турму Дзяніс Дзянісаў за тое, што летам мінулага года ен вывесіў нацыянальны сцяг на вежы у Віцебскім парку.
У гэтым годзе пераслед моладзі дасягнуў найвялікшых маштабаў. У гэты час рыхтуецца судовая расправа над актывістамі “Маладога Фронту”. Пяцёра юнакоў ва ўзросце ад 16 да 20 год – Зміцер Хведарук, Алег Корбан, Аляксей Янушэўскі, Барыс Гарэцкі, Анастасся Палажанка абвінавачваюцца ў дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі.
Арганізацыя “ Малады Фронт”, сябрамі якой яны з’яўляюцца, была створана ў 1997 годзе з мэтай выхавання моладзі на хрысціянскіх прынцыпах і нацыянальных каштоўнасцях. Яе лідары спрабавалі 4 разы прайсці рэгістрацыю ў Міністэрстве юстыцыі, і 4 разы ім, па надуманых прычынах, было адмоўлена. У бліжэйшы час іх збіраюцца судзіць па артыкуле 193(1) КК РБ, які не адпавядае нормам міжнароднага права і з’яўляецца антыканстытуцыйным. Моладзь абвінавачваюць у арганізацыі акцый (мітынгаў, шэсцяў), выданні газет і інфармацыйных матэрыялаў, правядзенні сацыялагічных апытанняў, правядзенні назірання над выбарамі.
Улады асмеліліся падняць руку на ўчорашніх і сённяшніх школьнікаў. Яшчэ год таму Зміцер Хведарук быў адным з лепшых навучэнцаў гімназіі, Барыс Гарэцкі - узорным навучэнцам каледжа і старастам навучальнай групы. Іх сяброўка па “Маладым Фронце” Анастасся Палажанка сёння з’яўляецца адной з лепшых навучэнак фізіка-матэматычнага класа сярэдняй школы г. Мінска.
Улады баяцца маладых людзей, асноўнай “зброяй” якіх з’яўляецца нацыянальны сцяг, вера ў Бога і ў Беларусь. Відавочна, што сіла духа маладафронтаўцаў страшыць сілавыя структуры і шматлікія шэрагі АМАПа, калі на шэсце юнакоў са свечкамі па аднаму з цэнтральных праспектаў Мінска выклікаюць цэлае падраздзяленне спецназа.
У сувязі з гэтымі фактамі нас асабліва хвалюе лёс сябраў “ Маладога Фронту” Змітра Хведарука, Алега Корбана, Анастассі Палажанкі, Барыса Гарэцкага, Аляксея Янушэўскага, справа якіх ужо перададзена ў суд.
Мы заклікаем міжнародную грамадскасць выказаць пратэст фактам рэпрэсій над маладым пакаленнем, надзеяй і будучыняй Беларусі. Мэта сумленных грамадзянаў усяго свету - узняць голас у падтрымку беларускай моладзі, якая церпіць пераслед, а лідэраў еўрапейскіх краінаў - дамагацца мераў палітычнага ўздзеяння на рэжым у Беларусі з мэтай спынення рэпрэсій і вызвалення ўсіх палітычных зняволеных.
Не - суду над Маладым Фронтам!
Не - расправам над моладдзю на Беларусі!
Свабоду палітвязням!