Новыя крымінальныя справы супраць маладафронтаўцаў
Спадарыня Азарка заявіла, што крымінальная справа не паўплывала на ейную дзейнасьць у моладзевым дэмакратычным руху.
“Не чакаю нічога добрага ад гэтага суду. Нават не спадзяюся на тыя вынікі, якія былі ў траўні нашай маладафронтаўскай пяцёрцы. Я гатова да горшага. І калі суд прызначыць мне зьняволеньне, не спалохаюся гэтага. Я гатова да гэтага. Спадзяюся ўсё ж такі, што двух гадоў мне не дадуць. Магчыма, будзе мінімальны варыянт – два гады”.
Яраслаў Грышчэня наведаў сьледчага Баранавіцкай пракуратуры, які ўручыў яму афіцыйнае абвінавачаньне ў крымінальнай справе, распачатай КДБ супраць рэгіянальных актывістаў “Маладога фронту” за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі.
Яраслаў паведаміў “Свабодзе”:
“Для мяне гэта не стала нечаканасьцю, бо пасьля падзеяў з Настай Азаркай, Іванам Шылам гэтага можна было чакаць у любым выпадку. Я лічу, што 193 артыкул Крымінальнага кодэксу Беларусі ёсьць самым жахлівым парушэньнем правоў чалавека, Канстытуцыі і нормаў міжнароднага права”.
Я. Грышчэня: “Для мяне гэта не стала нечаканасьцю”. Аналягічная крымінальная справа знаходзіцца ў Салігорскім гарадзкім судзе. Непаўналетняга Івана Шылу будуць судзіць на пачатку навучальнага году.
Такім чынам, пад крымінальны перасьлед патрапілі восем актывістаў “Маладога фронту”. Зьміцер Дашкевіч адбывае паўтара года зьняволеньня ў Шклоўскай турме. 30 траўня штрафамі пакаралі пяцёх актывістаў менскай арганізацыі “Маладога фронту” Насту Палажанку, Зьмітра Хведарука, Барыса Гарэцкага, Алега Корбана і Аляксея Янушэўскага.
Павал Севярынец лічыць, што крымінальны перасьлед актывістаў арганізацыі ёсьць сьведчаньнем эфэктыўнай дзейнасьці “Маладога фронту”, якому 6 верасьня споўніцца 10 гадоў.
“Гэта яшчэ адзін этап у вайне, якую рэжым абвясьціў моладзі паўтара года таму. За гэты час былі спробы разваліць арганізацыю, узяць яе штурмам з дапамогаю дзясяткаў крымінальных спраў і соцень дапытаных, а таксама ператрусаў, пасадак лідэраў... Але ўсе гэтыя спробы былі марнымі. Гэткія спробы робяцца ў рэгіёнах. Рэжым лічыць: калі ў сталіцы ўдалося арганізаваць моцную салідарнасьць, то ў рэгіёнах маладафронтаўцы вялікае падтрымкі не атрымаюць. Але яны пралічваюцца”.
Суды над рэгіянальнымі актывістамі пачнуцца цягам месяца.
Паведамляе радыё Свабода