Павала Юхневіча арыштавалі яшчэ на 15 сутак
Дэмакратычны актывіст Павал Юхневіч асуджаны сёньня судом Савецкага раёна Менска да 15 сутак арышту. Актывіст толькі ўчора выйшаў з сьпецпрыёмніка-разьмеркавальніка на Акрэсьціна, дзе правёў 7 сутак арышту за арганізацыю Эўрапейскага Маршу, як яго зноў асудзілі па двух артыкулах адміністрацыйнага кодэксу. Прысуд актывісту вынесла судзьдзя Людміла Савасцьян.
Павал Юхневіч павінен быў учора выйсьці на свабоду з сьпецпрыёмніка-разьмеркавальніка на Акрэсьціна. Аднак у сьпецпрыёмнік за ім прыехала міліцэйская машына і апазіцыянера адвезьлі ў Савецкі РУУС Менска. Там у дачыненьні яго яшчэ 22 жніўня быў складзены пратакол нібыта за «нецэнзурную лаянку». Насамрэч Юхневіча затрымалі ў той дзень разам з 50-ю гледачамі і акцёрамі «Свабоднага тэатра» падчас пастаноўкі п'есы Эдварда Бонда «11 кашуль». Гледачоў і акцёраў вызвалілі, але ў дачыненьні моладзевага лідэра міліцыянты ўсё-ткі склалі пратакол па сфальсіфікаваным абвінавачаньні.
Учора ў аддзяленьні Юхневічу ўручылі позву зьявіцца ў суд 19 кастрычніка, у 11.00. Па законе, актывіста павінны былі вызваліць. Каб гэтага не рабіць – на хлопца склалі яшчэ адзін пратакол. І таксама нібыта за нецэнзурную лаянку.
Сьведчанні амапаўцаў – верх цынізму. Яны заявілі, што Юхневіч нецэнзурна лаяўся, калі ішоў 18 кастрычніка па вуліцы Кульман. Але апазіцыянера ні на секунду не выпускалі на свабоду – ён увесь час знаходзіўся то ў сьпецпрыёмніку, то ў міліцэйскай машыне, то ў РУУС!
Вось прозвішчы людзей, якія сёння хлусілі ў судзе: супрацоўнікі АМАПа Халамоў і Лемантовіч, участковы Савецкага РУУС, капітан міліцыі Галанаў, супрацоўнік Савецкага РУУС Кіслоў.
Па інфармацыі Хартыі97