Пад рэпрэсіі падпадаюць нават дзеці апазыцыянераў
Рэчыцкае аддзяленьне “Беларусбанку” № 323 патаемна сьпісала 539 тысяч рублёў з рахунку 11-гадовай Ліды Шабетнік. Дапамогу ад дзяржавы дзяўчынка атрымлівала з прычыны страты маці.
Бацька 11-гадовай дзяўчынкі, старшыня абласной арганізацыі Сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) Алег Шабетнік, распавёў, што ў банку яму ніхто ня мог патлумачыць, на якой падставе зьнятыя грошы з рахунку дачкі. Паведамілі толькі, што грошы пайшлі на штраф, перадае ”Радыё Свабода”
У лютым Алег Шабетнік быў завочна пакараны судом Цэнтральнага раёну Гомеля штрафам на суму 1 мільён 550 тысяч рублёў (720 даляраў ЗША) за перавоз праз украінска-беларускую мяжу матэрыялаў устаноўчай канфэрэнцыі Саюзу левых партый і пяці асобнікаў брашуры “Аб кульце асобы Лукашэнкі”.
Мытнікі, а за імі й суд зрабілі выснову, што “інфармацыя, якая ўтрымліваецца ў канфіскаваных друкаваных выданьнях у Шабетніка А.В., можа нанесьці шкоду палітычным інтарэсам і дзяржаўнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь, зьяўляецца забароненай да перамяшчэньня праз мытную мяжу Рэспублікі Беларусь”.
Актывіст не адмаўляўся сплачваць штраф. Пачынаючы з сакавіка, пералічваў на пададзены судом рахунак па 200 тысяч рублёў. Болей не дазваляюць фінансавыя магчымасьці. І хаця беларускае заканадаўства забараняе ўтрымліваць з даўжнікоў “дзяржаўныя выплаты сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей”, выканаўцы, відаць, вырашылі паскорыць спагнаньне штрафу з партыйнага актывіста за кошт непаўнагадовай дачкі.