Пачаўся "працэс чатырнаццаці”

У судзе Цэнтральнага раёну г.Менску пачаўся працэс па крымінальнай справе, узбуджанай супраць 14 удзельнікаў акцыі пратэсту прадпрымальнікаў 10 студзеня.

 

У судзе Цэнтральнага раёну г.Менску пачаўся працэс па крымінальнай справе, узбуджанай супраць 14 удзельнікаў акцыі пратэсту прадпрымальнікаў 10 студзеня.

На лаве падсудных Андрэй Кім, Міхаіл Пашкевіч, Аляксей Бондар, Уладзімер Сяргееў, Арцём Дубскі, Алесь Стральцоў, Андрэй Чарнышоў, Антон Койпіш, Міхаіл Крываў і Тацяна Цішкевіч і Андрэй Кім. Яшчэ чацвёра чалавек (Аляксандар Баразенка, Павал Вінаградаў, Міхаіл Субач і непаўнагадовы Максім Дашук) не пасьпелі азнаёміцца з матэрыяламі справы, і працэс над імі перанесьлі.

Маладым людзям прад’яўлена абвінавачваньне ў арганізацыі групавых дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак (ч.1 арт. 342 КК РБ – “Арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак”). Ім пагражае да шасьці гадоў зьняволеньня. Андрэя Кіма абвінавачваюць таксама па арт. 364 КК. Яму ставіцца ў віну нібыта зьбіццё супрацоўніка ДАІ на мітынгу 21 студзеня. Ніхто сваёй віны па 342 артыкуле не прызнаў.

Да будынку суда, каб падтрымаць маладых людзёў, прыйшлі Лідэр Руху “За Свабоду” Аляксандар Мілінкевіч, Мікола Статкевіч, Анатоль Лябедзька, Лявон Баршчэўскі ды іншыя палітыкі, а таксама прадпрымальнікі, праваабаронцы, актывісты. Каля будынку суда жанчыны арганізавалі напісаньне нацыянальнай дыктоўкі. У памяшканьні суда прысутнічаюць сваякі падсудных, дыпляматы амерыканскай, французскай, чэскай амбасадаў, прадстаўнік АБСЕ, амбасадар Славаччыны, журналісты, а таксама Аляксандар Мілінкевіч і Іна Кулей. Нягледзячы на тое, што зала судовых пасяджэньняў не быў запоўнены, іншых людзей туды не пусьцілі, а на ганку будынку суда выставілі спэцназ.

 

Паводле milinkevich.org