Паўстанем за дзяцей!
Грамадзкая ініцыятыва “Салідарныя бацькі” разам з Камітэтам абароны рэпрэсаваных склікала тэрміновы сход па пытаньнях абароны моладзі.
Бацькі моладзевых актывістаў і палітзьняволеных выказалі свой пратэст ў сувязі
са зьбіцьцём і арыштам моладзі, якія адбываліся ў сьнежні і студзені. Родныя абураны шматлікімі фактамі нанясеньняў цялесных пашкоджаньняў юнакам і дзяўчатам, а таксама асобам сталага веку, фактамі несправядлівых, беспадстаўных і сфальсіфікаваных абвінавачваньняў, прысудам па ілжэсьведчаньням.
Бацькі таксама выказалі занепакоенасьць ў сувязі з галадоўкай пратэсту, якую абвесьцілі арыштаваныя на Акрэсціна маладзёны і прадпрымальнікі. У сувязі з тым, што галадоўка ў дрэнных турэмных умовах наносіць вялікую шкоду здароўю і праз пэўны час у арганізме адбываюцца незваротныя зьмены, прынята рашэньне пераняць аднаддзённую "эстафэтную" галадоўку пратэста ад вязьняў і паведаміць ім аб гэтым праз родных. Працягваць галадоўку на волі будуць бацькі і ўсе салідарныя грамадзяне, людзі больш сталыя, а моладзь ў турме павінна яе спыніць.
Бацькі прынялі рашэньне звярнуцца з шэрагам лістоў і скаргаў ў дзяржаўныя структуры, грамадзкія арганізацыі і да міжнароднай супольнасьці, да праваслаўнай, каталіцкай і пратэстанціх цэркваў. Галоўным фактарам абароны моладзі бацькі лічаць падтрымку руху да перамогі дэмакратычных сілаў і гатовыя гэтаму спрыяць, памнажаючы шэрагі салідарных і сьвядомых людзей.