Па 250 тысяч за аповесьць

У Чавускім раённым судзе 16 сьнежня завяршылася судовая справа супраць заснавальніка незалежнай Крычаўскай газеты “Вольны горад” Уладзімера Кудраўцава і аўтара надрукаванай там аповесьці “6 год рэдакцыйнаго ГУЛАГу” Валерыя Бысава.

З позвай выступіла галоўная рэдактарка Крычаўскай раённай дзяржаўнай газэты “Ленінскі кліч” Тацяна Іўкіна. Свой гонар, годнасьць і дзелавую рэпутацыю парушаную ў вышэй званай аповесьці Тацяна Пятроўна ацаніла ў 10 мільёнаў рублёў. Судовая справа пачалася яшчэ 19 сьнежня 2007 году, але была прыпынена, каб бакі змаглі прадставіць суду дадатковыя даведкі. Гэтая аповесьць была надрукавана яшчэ у 2004 годзе. У гэтай аповесьці былы супрацоўнік газэты “Ленінскі кліч” Валеры Бысаў апісвае метады з дапамогай якіх Тацяна Іўкіна кіравала газэтай.

Уладзімер Кудраўцаў, Валеры Бысаў і іх прадстаўнікі абверглі ўсе абвінавачнаньні і назвалі справу надуманай і палітычна матываванай. Пракурор заклікаў суд задаволіць пазоў Тацяны Іўкінай ў поўным памеры.

Cуд Чавускага раёну прыняў рашэньне спагнаць з Кудраўцава і Бысава па 250 тысяч рублёў у якасьці кампэнсацыі за парушаныя гонар, годнасьць і дзелавую рэпутацыю, тым самым зьменьшыў суму пазову ў 20 разоў.