Першыя перадвыбарчыя суды над актывістамі ў Берасьці
На затрыманых у 2 гадзіны ночы на праспэкце Рэспублікі берасьцейскіх актывістаў Міхася Ільіна і Яўгена Скрабца склалі пратаколы ў парушэньні артыкула 17.1. “дробнае хуліганства” КаАП РБ, нібыта за спраўленьне малой патрэбы на вуліцы. Нагадаем, што ў юнакоў былі знойдзеныя налепкі “Байкот”. Зараз яны чакаюць суду, які мусіць адбыцца ў судзе Маскоўскага раёна Берасьця.
Такім чынам, як адзначае мясцовы праваабаронца Уладзімер Вялічкін, у Берасьці пачынае дзейнічаць адмысловы дакумэнт пад назвай “Рашэньне на забеспячэньне аховы правапарадку і дарожнай бяспекі ў перыяд падрыхтоўкі і правядзеньня на тэрыторыі Берасьцейкай вобласьці выбараў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь чацьвертага скліканьня”.
Спадар Вялічкін мяркуе, што прысуд па факце начнога затрыманьня можа быць максымальны – аж да 15 сутак, паколькі сутнасьць вышэйзгаданага дакумэнта толькі ў адным – максымальная нейтралізацыя актывістаў апазыцыі пад час выбараў.
Паводле ПЦ Вясна