Першы суд пасьля Дня Волі

27 сакавіка (чацьвер) у Полацку, у гарадзкім судзе, пачнецца судовы працэс над моладзевай актывісткай Касяй Салаўёвай. Пра гэта НН паведаміў ейны калега Аляксей Янушэўскі.

Пачатак суду а 15-й. Судзьдзя – Марозава, адвакат Аляксандар Галіеў. Дзяўчыне пагражае да двух гадоў зьняволеньня.

Кася, якую 23 студзеня 2008 г. выкінулі з Полацкага ўнівэрсытэту, дзе яна навучалася на 2-м курсе гісторыка-філялягічнага факультэту, абвінавачваецца паводле арт. 193-1 Крымінальнага кодэкса РБ "удзел у незарэгістраванай арганізацыі" "Малады фронт"). 20-гадовая дзяўчына кіруе полацкай філіяй арганізацыі.

Паводле гэтага артыкулу ўжо судзілі дзевяць маладафронтаўцаў, улучна зь іх кіраўніком Зьмітра Дашкевіча. Дашкевіч і атрымаў у лістападзе 2006 г. найбольшае пакараньне – 1,5 году калёніі.

Пры канцы траўня 2007 г. прайшоў "Працэс пяці", калі судзілі м Зьмітра Хведарука, Алега Корбана, Барыса Гарэцкага, Насту Палажанку і завочна Аляксея Янушэўскага. Тады абышлося вялікімі штрафамі.

У верасьні прайшлі суды над рэгіянальнымі актывістамі МФ -- Настай Азаркай, Іванам Шылам, Яраславам Грышчэнем.

Паводле Нашай Нівы