"Працэс 14-ці" працягваецца ў Цэнтральным судзе
Удзельнікі падзей 10 студзеня ў Менску — Міхаіл Субач, Павел Вінаградаў і Максім Дашук, працэс па справе якіх 26 траўня праходзіць у судзе Цэнтральнага раёну сталіцы, не прызнаюць сваёй віны. Вакол суду адбываюцца акцыі салідарнасьці.
Нагадаем, 10 студзеня ў акцыі пратэсту прадпрымальнікаў узялі ўдзел больш як тры тысячы чалавек, зь іх 27 былі затрыманы і 23 — асуджаны. Мітынгоўцы выступалі супраць падпункта 1.1 указа прэзідэнта № 760 ад 29 сьнежня 2006 года, які дазваляе індывідуальным прадпрымальнікам наймаць на працу толькі блізкіх сваякоў. Падчас правядзеньня акцыі на некаторы час быў перакрыты рух на праспэкце Незалежнасьці. Па факце «масавых беспарадкаў у цэнтры Менску» была распачата крымінальная справа.
Падчас сёньняшняга судовага пасяджэньня пракурор зачытаў абвінаваўчае заключэньне, у якім канстатуецца, што тры маладыя чалавекі 10 студзеня 2008 года з 14 да 17 гадзін груба парушалі грамадзкі парадак, бралі ўдзел у мітынгу, ведаючы пра тое, што ён не санкцыянаваны, а таксама, «ведучы за сабою мітынгоўцаў, выкрыквалі лёзунгі», не рэагавалі на папярэджаньні супрацоўнікаў міліцыі і перакрылі праезную частку праспэкту Незалежнасьці прыкладна з 15 да 17 гадзін.
Таксама, на думку абвінаваўцы, гэтымі дзеяньнямі быў нанесены ўрон у памеры 124 млн. 800 тыс. рублёў прадпрыемствам Менску.
Абвінавачваныя адмовіліся даваць паказаньні, таму суд заслухаў сьведак. Былі заслуханы прадстаўнікі менскіх прадпрыемстваў і КУП «Мінсктранс». Усе яны заявілі, што матэрыяльных прэтэнзій да мітынгоўцаў ня маюць. У прыватнасьці, прадстаўнік унівэрсаму «Цэнтральны» заявіла, што ня будзе патрабаваць у іскавым парадку кампэнсацыі ўрону. Прадстаўнік КУП «Мінсктранс» пацьвердзіў, што рух аўтобусаў па плошчы Незалежнасьці быў парушаны на некаторы час.
Пасьля гэтага ў судзе быў аб’яўлены паўгадзінны перапынак.
Справу разглядае судзьдзя Валерый Есьман.
Раней па гэтай крымінальнай справе былі асуджаны 10 чалавек. 22 красавіка Ўладзімер Сяргееў і Антон Койпіш прыгавораны да штрафу ў 100 базавых велічыняў кожны. Аляксей Бондар, Арцём Дубскі, Міхаіл Пашкевіч, Тацьцяна Цішкевіч, Алесь Стральцоў, Міхаіл Крываў і Алесь Чарнышоў прыгавораны да абмежаваньня волі без накіроўваньня ў папраўчыя ўстановы адкрытага тыпу тэрмінам на два гады. Апрача таго, адзін зь фігурантаў гэтай справы Андрэй Кім быў таксама абвінавачаны ў злачынстве, прадугледжаным артыкулам 364 КК (насільле або пагроза насільля ў дачыненьні да супрацоўніка міліцыі). Судзьдзя Алена Ільіна прыгаварыла А.Кіма да пазбаўленьня волі тэрмінам на паўтара года з адбываньнем пакараньня ў калёніі агульнага рэжыму.
Паводле Нашай Нівы