"Прызыўнікі" (абноўлена)

Вядомыя чатыры асноўныя формы пазбаўленьня ад “непажаданых” людзей у недэмакратычным грамадзтве: забойства, турма, зьмяшчэньне ў псыхіятрычнай клініцы і прызыў у войска насуперак заканадаўству. Апошнія дзесяцігодзьдзі ў Беларусі практыкаваліся толькі першыя дзьве формы, але зараз ўсё актыўней як сродак рэпрэсій пачынае ўжывацца прызыў у войска. Вядомы выпадкі яшчэ пасьля прэзідэнцкай кампаніі 2006 году, калі летнім прызывам на тэрміновую службу накіравалі некалькі актывістаў. Вядома, што падчас прызыўных мерапрыемстваў адбываліся шматлікія парушэньні, у тым ліку – ціск на мэдыкаў з боку супрацоўнікаў спэцслужбаў.

У той жа час былі адваротныя выпадкі, як, напрыклад, з актывістам Моладзі БНФ Аляксеям Трубкіным, якога ў тым жа 2006 годзе не захацелі браць у войска, хаця ён ня меў медычных супрацьпаказаньняў і выказваў жаданьне служыць. У гэтай сытуацыі механізм выкарыстаньня прызыву ў якасьці рэпрэсіі быў яшчэ не распрацаваны, і таму чыноўнікамі (меркавальна, рэгіянальнага ўзроўню) было прынятае рашэньне не дазволіць яму праходзіць вайсковую службу, што пацьвярджае загадны характар прызываў па палітычных матывах.

Да пачатку 2008 праблема палітычнага прызыву надавалі мала ўвагі. Пэўную цікаўнасьць з боку грамадзтва выклікала адлічэньне з Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта па палітычных матывах актывіста “Моладзі БНФ”, студэнта-выдатніка, Зьмітра Жалезьнічэнкі. Органы мінабароны праігнаравалі рашэньне суду аб прыпыненьні прызыву. У выніку Зьміцер адмовіўся прымаць прысягу. Для яго, як і для іншых актывістаў, прызваных у войска у абыход дзейнага заканадаўства, вайсковая служба апынулася фактычна легальным абмежаваньнем волі бяз зьдзейсьненага злачынства і магчымасьці дабіцца справядлівасьці.

Улетку 2008 г. былі прызваныя са значнымі парушэньнямі дзейнага заканадаўства Алесь Каліта, Віталь Каратыш, Зьміцер Бяляеў.
Палітычныя прызывы актыўна працягнуліся ў 2009 г. Падчас зімовага прызыву гвалтоўна забралі ў войска Зьмітра Хведарука, Івана Шылу, Алеся Краўчэню й Франака Вячорку. У летнім прызыве да іх далучыліся Яўген Скрабец і Андрусь Цянюта.
Падрабязьней пра тых, хто зараз адбывае тэрміновую службу, ніжэй.

Франак Вячорка, нарадзіўся 26 сакавіка 1988 г. у Менску. Навучаўся ў менскай гімназіі №8 і ў Ліцэі ім.Я.Коласа. У 2005 г. паступіў на факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту, адкуль быў выключаны па палітычных матывах з трэцяга курсу. Працягваў адукацыю ў ЭГУ (Вільня, Літва). Былы старшыня “Моладзі БНФ”.

Падчас медагляду ў шпіталі 16 студзеня 2009 г. Франака зьбілі невядомыя людзі ў цывільным, гвалтоўна схапілі і ў кайданках адвезьлі ў ваенкамат, хаця медычнае дасьледваньне яшчэ ня скончылася. Там у тэрміновым парадку склікалі прызыўную камісію, якая прызнала яго прыдатным да службы насуперак мэдычным паказчыкам і ранейшым захворваньням. На наступны ж дзень Франак падаў скаргу на рашэньне аб прызыве ў суд, што павінна было прыпыніць прызыў да ўступленьня ў законную сілу судовага рашэньня. Аднак 28 студеня 2009 г. яго гвалтоўна адвезьлі спачатку ў вайсковую частку ў Баранавічы, а потым і ў Мазыр. Неаднаразова ляжаў у шпіталях праз праблемы з ціскам.

Паштовы адрас: 247760, г. Мазыр, вул. Астроўскага, в/ч 48694

 

 

 

 

Зьміцер Хведарук, нарадзіўся 5 сакавіка 1988 г. у Менску. У 2006 г. скончыў менскую гімназію №11. З 2008 г. навучаўся ў Беларускім хрысьціянскім каледжы. Зь верасьня 2006-га па студзень 2008-га выконваў абавязкі старшыні Маладога Фронту. У траўні 2007 г. быў абвінавачаны паводле арт.193-1 КК РБ у дзейнасьці ад імя Маладога Фронту.

28 студзеня 2009 г. Зьмітра гвалтоўна схапілі ва ўласнай кватэры і адвезьлі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў, нібыта для адбыцьця адміністрацыйнага арышту, вынесенага яму 8 месяцаў таму за мірны пікет. Адтуль яго пад канвоем вазілі на медагляд, на медычную і прызыўную камісію, а 30 студзеня ў кайданках на службовай машыне адвезьлі ў вайсковую частку ў г.Жодзіна, дзе зараз ён і праходзіць тэрміновую службу. Ваенкамат не спынілі ні захворваньні, ні факт навучаньня. Паколькі ў Зьмітра было шмат хранічных захворваньняў, а медагляд быў павярхоўным і фальсіфікаваным, ўжо праз некалькі тыдняў ён апынуўся ў вайсковым шпіталі, куды перыядычна вяртаецца і зараз. Усе судовыя інстанцыя праігнаравалі скаргу Зьмітра і пакінулі рашэньне прызыўной камісіі бязь зьменаў.

Паштовы адрас: 222169, Менская вобл., г.Жодзіна, в/ч 18662.

 

Алесь Краўчэня, нарадзіўся 7 сакавіка 1987 г. у горадзе Баранавічы Берасьцейскай вобласьці. Навучаўся ў баранавіцкай гімназіі №5. У 2004 годзе паступіў у Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт, інжынерны факультэт. Улетку 2008 г. быў выключаны з універсітэту па палітычных матывах, працягваў адукацыю ў ЭГУ. Актывіст баранавіцкай філіі арганізацыі “БУНТ”.

Падчас летняга прызыву 2008 г. Алесь атрымаў адтэрміноўку ад войску на некалькі месяцаў па стану здароўя, але ў студзені 2009 г. у апошнія дні прызыву яго прымусілі праходзіць тэрміновы медагляд, дзе ўсе дыягназы зьмянілі і за некалькі дзён накіравалі ў чыгуначныя войскі ў Асіповіцкі раён Магілёўскай вобласьці. 

Паштовы адрас: 213720, Магілёўская вобл., Асіповіцкі р-н, п/а Ручай, в/ч 44540 “Батальён”. 


 

 

 

 

 

 

Скрабец Яўген, нарадзіўся 30 кастрычніка 1986 г. у горадзе Берасьце. Навучаўся ў музычна-харавой гімназіі №4. З 2004 году быў студэнтам Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта ім.А.Пушкіна, улетку 2008 г. адлічаны з 4-га курсу спартовага факультэту. Зараз студэнт ЭГУ, факультэт паліталёгіі і эўрапейскіх дасьледваньняў. Актывіст берасьцейскага Маладога Фронту. З 2009 г. – карэспандэнт “Радыё Рацыя”.

Падчас зімовай прызыўной кампаніі Яўгену далі адтэрміноўку на 6 месяцаў ад службы ў войску ў сувязі з дыягназам “вертэбрагенная люмбаішалгія”. Яўген паслухмяна зьяўляюся па ўсіх позвах, але, нягледзячы на гэта, супрацоўнікамі спэцслужбаў прымяняліся ў ягоным дачыненьні дадатковыя захады запалохваньня. Даходзіла да выкраданьня яго невядомымі людзьмі й гвалтоўнага зьмяшчэньня ў шпіталь. На пададзеныя скаргі пракуратура не адрэагавала належным чынам. Да таго ж Яўген мае сур'ёзнае захворваньне сьпіны, несумяшчальнае з праходжаньнем тэрміновае вайсковае службы, але паўторная мэдычная камісія, якая адбылася па патрабаваньні ваенкамату, прызнала юнака прыдатным для службы ў войску. 21 верасьня хлапца накіравалі у чыгуначныя войскі ў горад Жлобін Гомельскай вобласьці. Усе рашэньні медыцынскай і прызыўной камісіі Яўген будзе абскарджваць у судзе. 8-га кастрычніка 2009 г. Яўген прыняў прысягу.

Паштовы адрас: 247210, Гомельская вобл., г.Жлобін, вул. Леніградская, в/ч 83469 

 

Андрусь Цянюта, нарадзіўся 3 траўня 1987 г. у Гомелі. Навучаўся ў гомельскай школе №11, пасьля 9-ці клясаў паступіў у палітэхнічны каледж, тэхнік-механік па адукацыі. З 2007-га году навучаўся ў Бранскай сельскагаспадарчай акадэміі на завочным аддзяленьні. Улетку 2009-га быў выключаны пры незразумелых абставінах. Кіраўнік гомельскай філіі Маладога Фронту. У 2007 годзе праходзіў падазроным па крымінальнай справе за дзейнасьць ад імя Маладога фронту, як незарэгістравнай арганізацыі.

Андрусь меў адтэрміноўку ад войска ў сувязі з тым, што навучаўся ў Бранскай сельскагаспадарчай акадэміі. Але ў ліпені 2009 г. стаў атрымліваць позвы з ваенкамату на “прызыўныя мерапрыемствы”. Ваенкамат паведаміў, што Андруся адлічылі з акадэміі, што вельмі зьдзівіла актывіста, бо ўсе іспыты былі здадзеныя. У акадэміі яму прадставілі неабгрунтаваны загад, падпісаны толькі кіраўніком канцэлярыі, які зараз ён абскарджвае ў Міністэрстве адукацыі Расеі і судзе. Да таго ж, Андрусь мае шэраг захворваньняў: скаліёз 2-ой ступені, сардэчная хвароба паралапс мітральнага клапану.

Паводле нарматыўных дакумэнтаў, прызыўнік з такімі захворваньнямі прызнаецца няздатным для праходжаньня тэрміновае службы, але па патрабаваньню ваенкамату мэдычныя супрацоўнікі, што праводзілі паўторны мэдагляд, прыйшлі да выніку, што хлопец можа служыць у войску. 22 верасьня прызыўная камісія прызнала Андруся прыдатным да службы, праз тры дні яго накіравалі у г.Полацак. Ён зьвярнуўся ў суд са скаргай на дзеяньні ваеннага камісарыяту, дзе асноўнай просьбай было прыпыніць прызыў. Таксама прасіў у ваенкамаце рэалізаваць сваё права на альтэрнатыўную службу, зараз адмова абскарджваецца ў судовым парадку. 17-га кастрычніка 2009 г. прыняў прысягу. 17 сьнежня па незразумелых абставінах быў пераведзены ў частку ВДВ у Віцебску, не зважаючы на дрэнны стан здароўя.

Паштовы адрас: 211422, Віцебская вобласьць, г. Полацак, ваенны гарадок Баравуча-3, в/ч 49510

На падставе асобных выпадкаў можна вызначыць асноўныя рысы палітычна матываванага прызыву:

- Прызыўнік мае папярэдніі рэпрэсіі (да правядзеньня прызыўных мерапрыемстваў у дачыненьні да актывіста неаднаразова ўжываліся іншыя віды палітычных рэпрэсіяў, як, напрыкладда выключэньня з навучальнай установы, што дае фармальныя падставы для пачатку прызыўных мерапрыемстваў);

- Прызыўніку надаецца надзвычай пільная ўвага з боку супрацоўнікаў ваенкамату і ўчастковых інспэктараў міліцыі. Як правіла, прысутнасьць супрацоўнікаў спэцслужбаў падчас мэдаглядаў і прызыўной камісіі (у выніку, фальсыфікацыі і перапраўленьні папярэдніх дыягназаў, па якіх прызыўнікі былі першапачаткова прызнаныя непрыдатнымі да вайсковае службы);

- Праца прызыўной і мэдкамісіі можа адбывацца з парушэньнем працэсуальнай працэдуры (у непрацоўны час, без паведамленьня прызыўніку пра час правядзеньня камісіі і, адпаведна, ў адсутнасьці прызыўніка);

- Адсутнасьць часу паміж рашэньнем прызыўной камісіі і адпраўкай у войска, што супярэцычь нарматыўным дакументам і змяншае магчымасьць падачы скаргі на дзеяньні прызыўной камісіі ў суд. Звычайна паседжаньне камісіі праходзіць за месяц-паўтара да адпраўкі ў войска. Ускосныя чыньнікі сведчаць пра тое, што ў пэўных выпадках пратаколы паседжаньня камісій складаюцца заднім чыслом;

- Спецыфічнае стаўленьне з боку афіцэраў і папярэдняе інфармаваньне прызыўнікоў і папярэдняя ідэалягічная праца з іншымі салдатамі вайсковае часткі, накіраваная на стварэньне негатыўнага вобразу прызыўніка; дадатковыя ідэалягічныя размовы і пагрозы; асаблівы нагляд падчас службы;

- Загадзя асуджаныя на паразу судовыя працэсы па абскарджаньню прызыву;

- Шматлікія парушэньні Закона Рэспублікі Беларусь “Аб воінскім абавязку і воінскай службе”, напрыклад, у той частцы, дзе прадугледжана прыпыненьне прызыву ў выпадку падачы скаргі ў суд;;

Пры наяўнасьці большасьці гэтых прыкметаў можна казаць пра палітычна матываваны прызыў.

Мы заклікаем беларускую і міжнародную грамадзкасьць зьвярнуць увагу на выкарыстаньне гэтай жорсткай формы рэпрэсій у дачыненьні да прадстаўнікоў грамадзкай супольнасьці, а таксама зрабіць усё магчымае для спыненьня гэтай незаконнай практыкі і не дапусьціць яе пераўтварэньня ў сыстэмны мэханізм ціску й ізаляцыі актыўнай моладзі ў Беларусі.

0 Comments

Post new comment

  • Lines and paragraphs break automatically.
  • Allowed HTML tags: <a> <p> <span> <h3> <img> <hr> <br> <br /> <ul> <ol> <li> <table> <tr> <td> <b> <u> <i> <sub> <sup> <blockquote> <pre> <strike> <caption> <em> <strong>
  • You may post PHP code. You should include <?php ?> tags.
  • You may insert videos with [video:URL]
  • Web page addresses and e-mail addresses turn into links automatically.

More information about formatting options

CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
Image CAPTCHA
Enter the characters shown in the image.