Прэзідэнту Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Сухайр Белхасен адмоўлена ў наведванні Беларусі
Консульства Беларусі ў Парыжы адмовіла прэзідэнту Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека (МФПЧ) Сухайр Белхасен у атрыманні беларускай візы.
Як паведаміў БелаПАН віцэ‑прэзідэнт федэрацыі Алесь Бяляцкі, Сухайр Белхасен планавала сустрэцца ў Мінску з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і прыняць удзел у слуханнях справы аб адмове ў дзяржрэгістрацыі грамадскаму праваабарончаму аб’яднанню «Наша Вясна».
«Прычыну адмовы ў выдачы візы ёй не растлумачылі, — сказаў Бяляцкі.
— Хутчэй за ўсё, гэта звязана з судом паводле пазову «Нашай Вясны» да Міністэрства юстыцыі, і з агульным станам з правамі чалавека ў Беларусі. Міжнародная федэрацыя правоў чалавека па гэтых пытаннях займае прынцыповую пазіцыю». Дзеянні ўлад «чарговы раз паказваюць негатоўнасць беларускіх улад да дыялогу з еўрапейскай супольнасцю», лічыць праваабаронца.
Бяляцкі мае намер звярнуцца ў Міністэрства замежных спраў Беларусі з запытам аб прычынах адмовы ў візе старшыні МФПЧ.
***
Сухайр Белхасен наведвала Беларусь 29 кастрычніка — 1 лістапада 2007 года. Тады яна заявіла, што «рэжым у Беларусі — адзін з самых рэпрэсіўных у Еўропе». Падчас свайго знаходжання ў Мінску кіраўнік МФПЧ накіравала афіцыйныя лісты ў Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства юстыцыі і іншыя ўстановы, у якіх прасіла аб сустрэчы з кіраўніцтвам гэтых ведамстваў. Аднак афіцыйныя асобы яе зварот праігнаравалі.
Міжнародная федэрацыя правоў чалавека — уплывовая праваабарончая арганізацыя, заснаваная ў 1922 годзе. Яна аб’ядноўвае больш за 140 праваабарончых арганізацый з розных краін. Прыярытэтнымі накірункамі дзейнасці федэрацыі з’яўляюцца барацьба за правы чалавека і абарона праваабаронцаў. За апошнія 25 гадоў федэрацыя арганізавала прыкладна паўтары тысячы місій у краіны, дзе існуюць праблемы з захаваннем правоў чалавека.
Паводле nn.by
Post new comment