Салаша пакаралі за «фальсыфікатарак выбараў»

salash080515.jpg

Лідэра барысаўскай суполкі Партыі БНФ Сяргея Салаша аштрафавалі на 25 базавых велічыняў (875 тысяч рублёў) за паклёп на прадстаўніц выбарчай камісій. Салаша абвінавацілі, што 4 жніўня ён назваў сакратарку гарадзкой выбарчай камісіі Тацяну Стасаву і намесьніцу старшыні райвыканкаму Валянціну Шутко «фальсыфікатаркамі выбараў».

Спн.Шутко на суд не прайшла, бо спаслалася на больш важныя справы. Бібліятэкарка СШ №11 Стасава на працэсе заявіла, што яна «не дружіт з беларускім языком». Як высьветлілася на судзе, сама Шутко гэтых словаў ня чула, а ведае пра іх ад супрацоўніка райвыканкаму Малеіна.

Паказаньні сьведак з боку Салаша судом разгледжаныя не былі. Урэшце судзьдзя Алена Бачышча пакарала палітыка штрафам. На працэсе прысутнічалі прадстаўнікі АБСЭ, а таксама каля 20 чалавек прыйшло падтрымаць Салаша.

Актывіст зьбіраецца абскарджваць гэтае рашэньне. Нагадаем, што Сяргей Салаш ішоў па сьпісе АДС па Барысаўскай вясковай акрузе, але ня быў зарэгістраваны.

 

Паводле Нашай Нівы