Севярынец пасьведчыў у справе Фінькевіча

Лідэр руху “Маладая Беларусь” Артур Фінькевіч наведаў міліцыю Першамайскага раёну Менску ў сувязі з крымінальнай справай, распачатай паводле факту ягонага выкраданьня і зьбіцьця невядомымі людзьмі 19 сьнежня. У той дзень яго каля трох гадзінаў зьбівалі ў мікрааўтобусе, а потым выкінулі ў полі пад Валожынам.

Артура Фінькевіча ў міліцыю Першамайскага раёну выклікалі сьледчыя, каб яшчэ раз дапытаць у крымінальнай справе і аддаць рэчы, забраныя пры ператрусе ў кватэры, якую хлопец арандаваў у доме на вуліцы Макаёнка.

Менавіта каля пад’езду гэтага дома 19 сьнежня яго зьбілі з ног невядомыя, накінулі на твар шапку і кінулі ў аўтамабіль. Там у Артура забралі тэлефон, а самога зьбівалі амаль тры гадзіны. Потым хлопца выкінулі з машыны ў полі. Ён выйшаў на трасу і спыніў машыну, якой кіраваў грамадзянін Літвы.

Павал Севярынец чуў праз мабільны тэлефон тое, што адбывалася ў момант захопу Артура Фінькевіча. Калі невядомыя зьбілі Артура з ног, ён, падаючы, націснуў клявішу, з дапамогай якой ён злучаўся зь Севярынцам. Павал чуў, як Артур крычаў: “Дапамажыце!”, “Забіваюць!”, як хлопца закінулі ў машыну, а потым выхапілі ў яго тэлефон.

Сёньня Павал Севярынец распавёў сьледчаму пра тое, што пачуў у той момант.

Артур Фінькевіч быў прызнаны ў гэтай крымінальнай справе пацярпелым, але, нягледзячы на гэта, у кватэры, якую ён арандаваў, быў зроблены ператрус. Міліцыянты забралі асабістыя рэчы Артура, носьбіты інфармацыі, а таксама сьцягі, газэты і павязкі з абрэвіятурай “Маладой Беларусі”.

16 студзеня яго затрымалі пасьля акцыі на аўтобусным прыпынку і адвезьлі ў міліцыю. Там сьледчыя яшчэ раз дапыталі Артура на “дэтэктары хлусьні”.

Артур Фінькевіч: “Сьледчы мне аддаў куртку і мае асабістыя запісы, але не вярнулі сьцягі, павязкі і звычайныя газэты, якія вынесьлі з кватэры падчас ператрусу. Гэта мяне насамрэч абурае, бо гэта ж мае асабістыя рэчы. Сьледчы мне патлумачыў, што іх перададуць у нейкі іншы аддзел.

Мяне пазнаёмілі з вынікамі судмедэкспэртызы. Там было напісана, што я маю шэраг крывападцёкаў, якія немагчыма атрымаць проста ад падзеньня, то бок яны былі нанесеныя мне кімсьці“.

Артур Фінькевіч мае намер падаць скаргу на дзеяньні міліцыянтаў, якія, на ягоную думку, незаконна забралі і трымаюць у сябе ягоную ўласнасьць — сьцягі і павязкі.

 

Паводле Радыё Свабода

0 Comments

Post new comment

  • Lines and paragraphs break automatically.
  • Allowed HTML tags: <a> <p> <span> <h3> <img> <hr> <br> <br /> <ul> <ol> <li> <table> <tr> <td> <b> <u> <i> <sub> <sup> <blockquote> <pre> <strike> <caption> <em> <strong>
  • You may post PHP code. You should include <?php ?> tags.
  • You may insert videos with [video:URL]
  • Web page addresses and e-mail addresses turn into links automatically.

More information about formatting options

CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
Image CAPTCHA
Enter the characters shown in the image.