Суд адхіліў скаргу Юрыя Алейніка

s-busiel_070525.jpg

Суд адхіліў скаргу Юрыя Алейніка, былога студэнта Акадэміі кіраваньня пры прэзідэнце РБ, на дзеяньні адміністрацыі гэтае навучальнае ўстановы. Такое рашэньне агучыла 6 верасьня ў 13. 45 судзьдзя Кастрычніцкага раённага суда г. Менска Вера Кругава. Заяўнік зьбіраецца зноў абскарджваць рашэньне суда ў вышэйшых інстанцыях.

 

“Судзьдзя сказала, што я як заяўнік скаргі “выбарачна” ставіўся да пэўных заканадаўчых актаў. Я, са свайго боку, магу сказаць, што якраз судзьдзя выбарачна ставіцца да законаў, якімі абгрунтоўвае свае рашэньні”, – зазначыў Ю. Алейнік у гутарцы з прэс-службай ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” пасьля суду.

“Ілюзіяў адносна зыходу гэтай справы не было. Але пасьля моцных выступаў у судзе маіх прадстаўнікоў і сьведкаў на пару секунд у мяне склалася ўражаньне, што скаргу могуць задаволіць”, – прызнаўся былы студэнт.

Найбліжэйшым часам ён зьбіраецца падаваць касацыйную скаргу ў Менскі гарадскі суд, а калі спатрэбіцца, то й ў больш высокія інстанцыі – “аж да суда ААН па правах чалавека”.

Тым ня менш, Ю. Алейнік упэўнены, што плён ад яго рашэньня судзіцца з Акадэміяй ужо ёсьць. “Гэткія судовыя працэсы здольныя памяняць стаўленьне адміністрацыі навучальных установаў да студэнтаў”, – лічыць ён.
Па інфармацыі Ю. Алейніка, адміністрацыя Акадэміі кіраваньня ўжо цяпер пачала дэталёва “прапісваць” працэдуру адлічэньня студэнтаў, якая дагэтуль была досыць расплывістай, што яскрава выявілася ў судзе.

“Калі ў будучым нейкага студэнта вырашаць адлічыць, то гэтая справа абавязкова будзе прэцэдэнтай, а адміністрацыя будзе старацца больш абгрунтоўваць свае рашэньні”, – спадзяецца Ю. Алейнік. “Кіраўнікі Акадэміі пабачылі ў судзе, што студэнты Акадэміі кіраваньня, якія выступалі сьведкамі, маюць актыўную пазіцыю і гатовыя яе абараняць. Я спадзяюся, што рэпрэсій у іх бок ня будзе. Калі ж будуць, то я спадзяюся, што студэнты возьмуць зь мяне прыклад і зьвернуцца ў суд”.

Адлічаны студэнт–выдатнік Юрый Алейнік праз суд патрабаваў аднаўленьня яго на 4-м курсе Акадэміі кіраваньня пры прэзідэнце РБ. Ён быў адлічаны 15 траўня г.г. за нібыта “сістэматычнае парушэньне вучэбнае дысцыпліны й правілаў унутранага распарадку”.

5 ліпеня суд Кастрычніцкага раёна г. Менска спыніў па зыску Ю. Алейніка, палічыўшы справу непадведамаснай суду. 11 ліпеня былы студэнт накіраваў у Менскі гарадскі суд касацыйную скаргу, у якой запатрабаваў адмяніць рашэньне Кастрычніцкага суда й вярнуць справу на разгляд. 6 жніўня судовая калегія па грамадзянскіх справах Менскага гарадскога суда пастанавіла перагледзець справу.

 

Па інфармацыі Прэс-службы ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"