Суд над Максімам Дашуком перанеслі
Сёння, у дзень абароны правоў дзяцей, мусіў пачацца суд над непаўналетнім удзельнікам «Працэсу чатырнаццаці» Максімам Дашуком. Аднак з-за хваробы аднаго з народных засядальнікаў працэс перанеслі на нявызначаны тэрмін. Падтрымаць хлопца да будынка Маскоўскага суда прыйшло больш за трыццаць чалавек -- паплечнікі, праваабаронцы.
Супраць Максіма Дашука была заведзеная крымінальная справа паводле арт. 415 КК («Ухіленне ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі»). У траўні летась Максім быў асуджаны на паўтара году абмежавання волі без накіравання ў спецкамендатуры, так званай «хатняй хіміі».
Праз свой узрост і адсутнасць мінскай прапіскі хлопец так і не змог уладкавацца на працу, таму фактычна знаходзіўся пад хатнім арыштам. З дому яму дазвалялася выходзіць толькі на дзве гадзіны ў суткі — ад дзесятай да дванаццатай раніцы.
Вясной у Максіма памёр бацька, таму яму часта даводзілася дапамагаць маці, якая працуе прадпрымальніцай. Міліцыянты вынеслі Дашуку чатыры папярэджанні. Адну ноч хлопец правёў у следчым ізалятары, пасля чаго пракурор памяняў меру стрымання на падпіску аб нявыездзе.
У пачатку траўня міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала фігурантаў «справы 14‑ці» вязнямі сумлення.
Паводле Нашай Нівы
Post new comment