У Горадні студэнтку адлічылі з унівэрсытэту за ўдзел у кампаніі «Выратуем Горадню!»

s-horadnia-ars070604_6.jpg

23 кастрычніка студэнтка другога курса юрыдычнага факультэта Гарадзенскага дзяржунівэрсітэту імя Янкі Купалы Кацярына Бычак была азнаёмлена з загадам рэктара аб яе адлічэньні з ВНУ «за парушэньне правілаў унутранага распарадку».

 

У інтэрвію БелаПАН К.Бычак паведаміла, што за ўдзел у грамадзкай кампаніі «Выратуем Горадню!» у траўні гэтага года яна была затрымана міліцыяй. Тады разам з іншымі маладымі людзьмі яна выйшла на абарону будынка млына другой паловы XIX стагоддзя па вуліцы Васілька, 3, а потым на яе было накладзена адміністрацыйнае спагнаньне паводле рашэньня суда Ленінскага раёну Горадні.

«За свой удзел у акцыі ў той час мяне ніяк не пакаралі ў ВНУ. Потым мяне дома наведвалі супрацоўнікі Камітэта дзяржбяспекі, якія спрабавалі высьветліць розныя дэталі, зьвязаныя з правядзеньнем кампаніі «Выратуем Горадню!». У дэканаце не прынялі да ўвагі паважлівыя прычыны, з‑за якіх я прапусціла восем дзён заняткаў у верасьні, і на гэтай падставе адлічылі мяне з унівэрсітэту», — зазначыла К.Бычак.

Паводле яе словаў, у неафіцыйнай размове ў дэканаце ёй паведамілі, што сапраўднай прычынай адлічэньня зьяўляецца яе ўдзел у акцыях пратэсту супраць разбурэньня гістарычнага цэнтра Горадні.

Паводле слоў дзяўчыны, калі ёй не ўдасца аднавіцца ў ВНУ, яна вымушана будзе працягваць вучобу за межамі Беларусі.

У інтэрвію БелаПАН горадзенскі грамадскі актывіст Павел Мажэйка назваў адлічэньне К.Бычак з ВНУ «палітычна матываваным, тым больш што дзяўчына не зьяўляецца чальцам ніякіх палітычных партый або арганізацый, а па сваім унутраным перакананьні ўзяла ўдзел у кампаніі». Паводле яго словаў, грамадскасьць акажа Кацярыне адпаведную дапамогу, у тым ліку прававую, для яе аднаўленьня ва унівэрсітэце або для працягу вучобы за мяжой.

 

Паводле Нашай Нівы