У Менску адбудзецца пікет за вызваленьне А.Казуліна

kazulin02.jpg

Сёньня ў Менску пройдзе пікет з патрабаваньнем вызваленьня Аляксандра Казуліна. Акцыя прымеркавана да гадавіны галадоўкі былога кандыдата ў прэзыдэнты, якога ўжо болей за паўтара году трымаюць за кратамі.

Пакуль заяўнікам дазволілі правесьці пікет за вызваленьне Аляксандра Казуліна толькі 24-га кастрычніка, ўсяго на тры гадзіны і толькі ў адным месцы.

Пікет пачнецца а 17-ай гадзіне. Ігар Рынкевіч мяркуе, што гарвыканкам наўмысна выдзяліў для пікету месца, дзе мінакоў вельмі мала. Былы адвакат Казуліна таксама паведаміў, што ім адмоўлена ў правядзеньні пікетаў на двух іншых месцах – у парку 50-годзьдзя Кастрычніка і на плошчы Бангалор. Але актывісты на гэтым не спыніліся і падалі яшчэ некалькі заявак на пікеты ў кастрычніку і лістападзе.

Усю праўду пра тую галадоўку ведаюць на волі хіба што толькі сваякі Аляксандра Казуліна. Для ягонай жонкі Ірыны тэма леташняй галадоўкі дагэтуль закрытая.

Летам калегі Аляксандра Казуліна падавалі заяўкі на правядзеньне ў краіне болей 50-ці пікетаў у падтрымку свайго лідэра з нагоды 500 дзён ягонага арышту. Тады ўлады дазволілі толькі два пікеты – у Берасьці і Наваполацку. У Менску апошні пікет за вызваленьне Аляксандра Казуліна быў дазволены ў траўні.

 

Па інфармацыі радыё Свабода