У памяць закатаваных паэтаў

s-hrakhouski071114.jpg

Літаратурна-мемарыяльная вечарына ў памяць Сяргея Грахоўскага і ва ўспамін беларускіх пісьменьнікаў і паэтаў, растраляных ў 1937 годдзе, адбылася ў міжнародным адукацыйным цэнтры IBВ ў Менску. На сустрэчы прысутнічалі вядомыя літаратары – Вольга Іпатава, Лідзія Савік, Сяргей Законьнікаў, Генадзь Бураўкін, грамадзкія дзеячы і навукоўцы - Радзім Гарэцкі, Ігар Кузьняцоў, прадстаўнікі Аргкамітэту па ўшанаваньню памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў – Васіль Якавенка, Анатоль Белы, сьвятары Праваслаўнай Царквы.

 

Пачалася мемарыяльная вечарына малітвай за ўспамін душаў загубленых пісьменьнікаў і прадстаўнікоў інтэлігенцыі. З пастарскім словам да грамады зьвярнуўся айцец Алексій Шынкевіч. Усе прысутныя нізка схілілі галовы ва ўспамін Цішкі Гартнага, Ізі Харыка,Тодара Кляшторнага, Макара Чарота, Валера Маракова і ўсіх тых, хто загінуў ў памятную ноч 29 кастрычніка 1937 года.

-Калі надышлі часы перабудовы, - рассказала прафэсар Лідзія Савік,- архівы КДБ сталі на некаторы час даступнымі для дасьледчыкаў і прадстаўнікоў друку. Мы змаглі пабываць ў “Амерыканцы”, прайсьці па тых калідорах, па якіх праходзіла Ларыса Геніюш на допыты. Адчулі. якія катаваньні давялі Цішку Гартнага да вар’яцкага дому. Мы даведаліся, як ў двары турмы гарэлі вогнішчы з твораў пісьменьнікаў, на гэтых папялішчах назаўжды зьніклі пьесы Галубка і раманы Зарэцкага. Паўграматныя лейтэнанты і сяржанты аддавалі загады спаліць выдатныя літаратурныя ўзоры.

-Ні адзін народ ня ведаў такой страшнай ночы,- падкрэсліў паэт Генадзь Бураўкін. - Наш абавязак перад Богам стаць на калені і павінаваціцца перад нявінна загубленнымі. Да курапацкіх могілкаў павінны кожны год прыходзіць прадстаўнікі ўлады, палітыкі, каб пакаяньне было ўсенародным.

Г.Бураўкін зьвярнуў увагу на каласальную працу, зробленую Леанідам Мараковым, чый суродзіч, паэт Валеры Маракоў быў растараляны ў 27-гадовым узросьце ў гэтую ноч.

На вечарыне ўзгадваліся таксама лёсы дзяцей ГУЛАГа, такіх як Майя Тодараўна Кляшторная, якая нарадзілася і жыла ў лягеры, і ў маленстве думала, што лягерам абмяжоўваецца ўвесь сьвет. Успамінамі пра сваго бацьку падзялілася Тацяна Сяргееўна Грахоўская, дачка паэта.

” Падняцца над пеклам і выжыць дапамагала яму паэзія”,- засьведчыла Т.Грахоўская. Зь цеплынёй яна прачытала верш, які Сяргей Іванавіч прысьвяціў жонцы Валянціне, якая прайшла зь ім па этапах, і ў лягеры нарадзіла  дачушку. Сямейнымі ўзгадкамі аб часах рэпрэсіяў падзяліўся Сяргей Законьнікаў, чый дзядзька таксама пакутаваў ў ГУЛАГу.

Больш паўгады працуе Аргкамітэт па ўшанаваньню памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў.  Пра дзейнасьць гэтага прадстаўнічага форуму расказаў на сходзе пісьменьнік Васіль Цімафеевіч Якавенка. Біяграфіі і сьведчаньні будуць захоўвацца на сайце “Пакутнікам Беларусі”, над якім працуе Аргкамітэт. Аб працы над новымі выданьнямі аб ахвярах распавёў Кастусь Цьвірка. 

Вершы Сяргея Грахоўскага і сугучныя творы на вечарыне прачыталі Ленід Дранько-Майсюк, Сяргей Законьнікаў, Генадзь Бураўкін і іншыя. Са сьпевамі выступіў бард Андрэй Мельнікаў, у выкананьні студэнтак прагучалі песьні Л. Вольскага.

Выступоўцы нагадалі пра адказнасьць і памяць патомкаў, пра абавязак захоўваць успаміны і казаць праўду сваім дзецям і ўнукам.