У Польшчы рэалiзуецца другi этап Праграмы Калiноўскага для рэпрэсаваных беларускіх студэнтаў
У Польскай Рэспублiцы рэалiзуецца другi этап навучальнай Праграмы iмя К. Калiноўскага для рэпрэсаваных беларускіх студэнтаў, якая была афіцыйна адкрытая 5 лiпеня 2006 году ў залi Варшаўскага Ўнiвэрсытэту пры ўдзеле прадстаўнiкоў польскага ўраду i лiдэраў дэмакрaтычных сiлаў Беларусi. Пра гэта паведамiў на сустрэчы з бацькамi калiноўцаў, якая адбылася 2 сьнежня ў Менску, дырэктар стыпэндыяльнай Праграмы п. Ян Малiцкi.
Кіраўнік Праграмы зьвярнуўся да бацькоў па-беларуску i падкрэсьлiў, што цяпер лёс навучэнцаў – у iхных уласных руках. “Цяпер iх галоўная задача – стаць высакаклясными спэцыялiстамi ў сваiх галiнах, каб з гонарам i годнасьцю вярнуцца на Радзiму”, - адзначыў прафэсар Маліцкі. Кіраўніком Праграмы было выказанае таксама спадзяваньне, што “з гэтай групы маладзёнаў паўстане новая беларуская элiта, якая возьме адказнасьць за будучыню краiны”.
Калiноўцы, прайшоўшы ўлетку iнтэнсіўныя курсы польскай i ангельскай моваў, заняткi па гiсторыi Беларусi i Польшчы, у жнiўнi ўдзельнiчалi ў навуковай вандроўцы па краiне. Яна праходзiла па Гнезна, Познанi, Уроцлаве, Кракаве, Ланцугу, Гданьску, Лодзi, Чэнстахове i iншых культурных i гiстарычных мясьцiнах.
25 вераьня адбылося закрыцьцё падрыхтоўчага курсу i стыпэндысты былi скiраваныя ў 37 ВНУ Польшчы. З кастрычнiка 2006 году студэнты навучаюцца ў польскiх унівэрсытэтах на абраных iмi спэцыяльнасьцях. Усяго займаюцца па Праграме 243 чалавекi зь Беларусi.
Студэнты былi разьмеркаваныя па буйных гарадох Польшчы: Варшава, Гданьск, Кракаў, Катавiцы, Беласток. Пажаданьне мець беларускiх студэнтаў у сваiх унівэрсытэтах выказалi таксама рэктары маленькiх унiвэрсытэцкіх цэнтраў.
Сярод абраных маладымі беларусамі спэцыяльнасьцяў пераважаюць такiя кiрункi, як мэнэджмэнт i эканомiка (40 чалавек), мiжнародныя стасункі (40), iнфарматыка (23), палiталёгiя (21), права (20), пэдагогiка (20), журналiстыка (15), развiцьцё турызму (13), гiсторыя (7), археалёгiя (5).
Сярод упадабаных спэцыяльнасьцяў таксама – праваслаўная тэалёгiя, клясычныя мовы, мастацтва, кiнарэжысура, акторскае майстэрства, музычная культура i джаз, гукарэжысура, арабiстыка, японазнаўства ды iншыя. Па такiх спэцыяльнасьцях, як выяўленчае мастацтва i керамiка, студэнты навучаюцца ў лепшых навучальных установах у Варшаве i Кракаве.
Але, як адзначалася на сустрэчы, стыпэндысты павiнны праявiць адказнасьць у стаўленьнi да сваiх студэнцкiх абавязкаў i выконваць умовы знаходжаньня на стыпэндыяльнай праграме. Усе пытаньнi, якія паўстаюць у студэнтаў, мусяць быць растлумачаныя праз зьвяртаньне непасрэдна да дэканаў факультэтаў i куратараў ВНУ, дзе яны праходзяць навучаньне, а таксама праз прадстаўнiкоў польскага бюро Праграмы i Камiтэта абароны рэпрэсаваных.
З прыемнасьцю спаткалiся бацькi з кiраўнiком Праграмы з польскага боку. Яны перадалi словы падзякi польскаму ўраду i асабiста п. Яну Малiцкаму за клопат пра студэнтаў. Пан прафэсар у сваю чаргу выказаў перакананьне, што пры добрасумленным стаўленьнi моладзі i падтрымцы бацькоў вынiкi навучаньня будуць станоўчымi.
Э. Гарэцкая