У Салігорску масавыя допыты «маладафронтаўцаў»
КДБ узбуджае чарговую крымінальную справу супраць “Маладога Фронту”. У Салігорску сёньня зранку супрацоўнікі Камітэту дзяржбясьпекі забралі наўпрост са школьных заняткаў і даставілі на допыт у мясцовае упраўленьне дзьвух моладзевых актывістаў Рыгора Астапеню і Сержука Ткачука. Яшчэ двое - Максім Гаміцэвіч і Зьміцер Ефімовіч - атрымалі позвы на допыт.
Ініцыятарам усіх гэтых крымінальных справаў зьяўляецца капітан УКДБ па Менску й Менскай вобласьці Дзмітрый Свістун, які ў большасьці выпадкаў асабіста праводзіў допыты моладзевых актывістаў й прымаў рашэньні аб узбуджэньні крымінальных справаў. Гэты ж самы чалавек аддаваў загад аб утрыманьні ў лютым гэтага году маладафронтаўцаў у сьледчым ізалятары.
Паводле прэс-службы “Маладога Фронта”, дзеяньні КДБ прымушаюць зрабіць вынік, што рэжым не зьбіраецца спыняць рэпрэсіі супраць моладзевых актывістаў нават пасьля гучнага працэсу над лідэрам “Маладога Фронту” Зьмітром Дашкевічам і маючага адбыцца праз некалькі тыдняў суда над маладафронтаўцамі Зьмітром Хведаруком, Барысам Гарэцкім, Настай Палажанкай, Аляксеем Янушэўскім і Алегам Корбанам, якіх абвінавачваюць у “дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі”.