У Салігорску разагнаная акцыя Салідарнасьці (фота)

Учора ў Салігорску ў 20:00 распачалася акцыя Салідарнасьці са Зьмітром Дашкевічам. Блізу 30 маладзёнаў утварылі ланцуг трымаючы сьвечкі і расьцяжку "Свабоду Дашкевічу". Праз некалькі хвілінаў супрацоўнікі міліцыі спрабавалі затрымаць некалькіх удзельнікаў. Аднак, юнакі ўзяліся за рукі і селі на зямлю. Каля 5 хвілінаў адбывалася нарада начальства міліцыі і было прынята рашэньня затрымаць з прымяненьнем фізычнае сілы. Маладзёнам заламывалі рукі, моцна штурхалі, ужывалі спэцсродкі, у прыватнасьці кайданкі, закідвалі ў міліцэйскі "варанок". Пад час правядзеньня зачысткі, людзі на плошчы скандавалі "Ганьба".

 

Як паведамляе сайт saligorsk.org, у  выніку было затрымана 5 чалавек: Андрусь Тычына, Хрысьціна Самойлава, Рыгор Астапеня, Іван ды Ільля Шыла.

У дачыненьні да Хрысьціны, Івана і Рыгора склалі пратаколы за "удзел у несанкцанаваным пікеце" і "непадпарадкаваньне міліцыі". Для непаўнагадовай Хрысьціны гэта другі пратакол за апошні месяц: 4 верасьня яна была затрымана спэцназам і абвінавачвана ва ўдзеле ў несанкцанаваным мерапрыемстве, Ільлю Шылу і Андруся Тычыну таксама двойчы затрымлівалі пад час акцыі падтрымкі ля салігорскага суду 4 верасьня. Іван Шыла цяпер мае 6 пратаколаў, што чакаюць разгляду ў салігорскім і баранавіцкім судох: па два за "дробнае хуліганства", "несанкцанаваную акцыю" "непадпарадкаваньне міліцыі".