Франака Вячорку чакаюць у ваенкамаце

Франак Вячорка вырашыў, што пойдзе ў 14 гадзінаў у ваенкамат Савецкага раёну Менску. Ён прыгадаў, што 6 чэрвеня яго затрымлівалі на вачах суседзяў як небясьпечнага злачынцу.

Міліцыянты здымалі на відэакамэру, як Франак ставіў свой подпіс аб тым, што атрымаў позву на камісію. Але яго не адпусьцілі, а пасадзілі ў машыну і павезьлі ў ваенкамат. Там у хлопца адабралі мабільны тэлефон і завялі ў кабінэт да вайсковага афіцэра.

Ён папярэдзіў Франака, што ад панядзелка яму будзе забаронены выезд за мяжу і запатрабаваў зьявіцца на камісію. Франак у сваю чаргу запатрабаваў, каб позву яму напісалі па-беларуску.

“Пайду на мэдычную камісію ў ваенкамат, нягледзячы на тое, што мне так і не далі позву на беларускай мове. Увогуле, лічу абсурдным і ганебным забіраць чалавека каля яго ўласнага дома і гвалтам завозіць у вайсковую камісію. Я не хаваўся ад вайсковай камісіі і казаў, што прыйду і прынясу ўсе свае аналізы... Усё сьведчыць на тое, што ёсьць загад зьверху забіраць у войска, нягледзячы на тое вучыцца чалавек ці – не. Яшчэ пару месяцаў таму, калі мяне гвалтоўна адлічылі, я атрымаў позву ў ваенкамат яшчэ да таго, як загад аб маім адлічэньні пачаў дзейнічаць”, - гаворыць Франак Вячорка.

Франак Вячорка кажа, што ня супраць службы ў войску.

“Я ня супраць таго, каб служыць у войску, але зараз я хачу вучыцца, скончыць унівэрсытэт, а потым шляхам службы ў войску ці нейкімі іншымі добрымі справамі служыць Радзіме”.

Старшыня аргкамітэту дзеля рэгістрацыі сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” Мікола Статкевіч сам былы вайсковец. Ён лічыць, што гвалтоўныя наборы ў войска моладзевых актывістаў дыскрэдытуюць войска ў вачах грамадзкасьці.

“Афіцэры, якія служаць у ваенкаматах, служаць у месцы, якое лічыцца “цёплым”, дзе няма шмат падначаленых. Яны трымаюцца за свае пасады ў большай ступені за шараговых афіцэраў і згодныя выконваць так званы нефармальны загад. Гэта форма ізаляцыі. У нас былі ў гісторыі “Народнай грамады” такія выпадкі, калі маладога актывіста партыі накіроўвалі ў войска і ён быў выключаны з партыйнага жыцьця. Такая нейтралізацыя пакуль не выклікае міжнародных пратэстаў. Ну, як жа, канстытуцыйны абавязак”...

Цяпер прызыўныя камісіі праходзяць цяпер яшчэ некалькі моладзевых актывістаў. Тым часам ваенкаматы пачалі тэлефанаваць бацькам студэнтаў-каліноўцаў, каб тыя паведамілі, калі з вучобы на вакацыі вернуцца іх дзеці.

 

Паводле Радыё Свабода