Фінькевіча азнаёмілі з новым абвінавачваньнем
У аўторак увечары самаму маладому палітвязьню Беларусі Артуру Фінькевічу было афіцыйна прад’яўленае новае абвінавачваньне. Сьледчы Аляксандр Лескавец у прысутнасьці адвакаткі абвесціў, што сьледчыя дзеяньні скончаныя і маюцца доказы віны. Маладафронтаўца абвінавачваюць у парушэньні арт. 415 КК РБ “Адмова ад адбываньня пакараньня ў выглядзе абмежаваньня волі”.
Крымінальная справа была ўзбуджаная пасьля таго, як юнак атрымаў ад кіраўніцтва магілеўскай спэцкамэндатуры чацьвёртае папярэджаньне за парушэньне рэжыму. Падчас папярэдняга сьледства Артур Фінькевіч часткова прызнаў сваю віну.
Азнаямленьне з матэрыяламі справы распачнецца праз тыдзень. Суд, як мяркуецца, адбудзецца праз месяц. Згодна з нормамі Крымінальнага кодэксу палітвязьню пагражае пазбаўленьне волі тэрмінам ад 6 месяцаў да 3 гадоў з адбываньнем пакараньня ў калёніі агульнага рэжыму.
Нагадаем, што ўвесну 2006 года Артура Фінькевіча пакаралі двума гадамі “хіміі” за палітычныя графіці. Тэрмін ён адбывае ў Магілёўскай выпраўленчай установе адкрытага тыпу №43. Выйсьці на волю хлопец мусіў ужо праз месяц.
Паводле радыё Рацыя