Цянюту гвалтам даставілі ў "псіхушку"
Маладзевы актывіст з Гомеля Андрэй Цянюта гвалтоўна дастаўлены ў псіхіятрычную клініку. На дадзены момант юнак не здымае тэлефонную слухаўку.
Як паведаміў радыё Рацыі сябар аргкамітэту па стварэньні партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя Кастусь Жукоўскі, сёньня а 10-й гадзіне ён праводзіў Андрэя Цянюту да будынку КДБ, куды той быў выкліканы днямі. Літаральна праз гадзіну з двара абласной управы КДБ зьехаў аўтамабіль “Газэль” белага колеру. На думку Жукоўскага, маладзена маглі адправіць у псіхіятрычную клініку ў Бярозках, што непадалёку ад Гомеля. “Апошні раз Цянюта дазваніўся прыблізна аб 11-й гадзіне. Ягоны голас быў вельмі ўсхваляваны. Хоць хлопец звычайна размаўляе па-беларуску, але ў той момант ён сказаў некалькі словаў па-расейску. Пасля тэлефон адлучыўся. Думаю, яго павезлі ў псіхіятрычны шпіталь”, - дадаў Жукоўскі.
У прыёмнай псіхіятрычнага шпіталя інфармацыю адносна прымусовага ўтрыманьня Андрэя Цянюты не пацьвердзілі.
На момант напісаньня матэрыяла сталася вядома, што падазраванага ў справе незарэгістраванай арганізацыі “Малады Фронт” Андрэя Цянюту даставілі ў цэнтр судова-медычнай экспэртызы па адрасе Галавацкага, 21. Варта дадаць, што ўчора актывіст хацеў перанесьці дату экспертызы, паколькі ў яго памёр родны дзядзька. На гэта супрацоўнікі КДБ адказалі юнаку, што калі ён сёньня не зьявіцца на медычны агляд, то яго пасадзяць у СІЗА.