Ці будзе рэабілітавана Ларыса Геніюш?
1 лістапада на імя Генэральнага пракурора Рэспублікі Беларусь П.П.Міклашэвіча Аргкамітэтам па ушанаваньні ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, Саюзам беларускіх пісьменьнікаў, РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт” было накіравана прадстаўленьне па рэабілітацыі вядомай беларускай паэткі Геніюш Ларысы Антонаўны. Гэта прадстаўленьне падпісалі акадэмік НАН Беларусі Радзім Гарэцкі, гісторык Ігар Кузьняцоў, пісьменьнікі Васіль Якавенка, Алесь Пашкевіч, Ніл Гілевіч, праваабаронцы Т.Процька, Г.Паганяйла і яшчэ больш за 70 вядомых грамадзянаў Беларусі.
З 1937 г. Ларыса Антонаўна жыла ў Чэхаславакіі, мела грамадзянства гэтай краіны. Аднак у 1948 г. па загаду Масквы яна была рэпатрыявана ў СССР, дзе яе арыштавалі і асудзілі на 25 гадоў за “дапамогу міжнароднай буржуазіі ў ажыццяўленьні варожай дзейнасьці супраць СССР” і “контррэвалюцыйную дзейнасьць”.
Ларыса Геніюш была вызвалена толькі 1 ліпеня 1956 года, аднак несправядлівы прысуд так і не быў адменены.
Імя Ларысы Геніюш стаіць поруч з імёнамі Купалы і Коласа, Цёткі і іншых вядомых дзеячоў беларускае культуры. Пра высакароднасьць яе думак і пачуцьцяў сьведчаць яе кнігі “Невадам з Нёмана”, “На чабары настоена” і інш. Па матывах аўтабіяграфічнай кнігі “Споведзь” на кінастудыі “Беларусьфільм” зьняты мастацкі фільм “Птушкі без гнёздаў”, пастаўлены спектакль “Белы сон”. На студыі “Летапіс” пра Ларысу Антонаўну зьняты дакументальны фільм “Вянок цярновы васількоў”. У раённых цэнтрах Зэльва і Старыя Дарогі ёй пастаўлены помнікі.
Паводле БХК