Ці выйдзе на волю Андрэй Клімаў?
3 чэрвеня спаўняецца два месяцы з моманту затрымання апазіцыйнага лідэра Андрэя Клімава. Праваахоўныя органы мусяць вызначыць меру стрымання для палітыка: вызваліць яго ці працягнуць утрымліваць пад вартай. Нагадаем, што некалькі дзён таму Клімава змясцілі ў рэспубліканскі турэмны шпіталь – у палітвязня праблемы з сэрцам.
Андрэй Клімаў быў арыштаваны 3 красавіка 2007 года. Яму інкрымінуецца злачынства, прадугледжанае часткай 3 артыкула 361 Крымінальнага кодэкса Беларусі (заклікі да звяржэння або змены канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь <...>, здзейсненыя з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі). Падставай для абвінавачвання стаў яго артыкул у Інтэрнэце. Паводле следства, у гэтым артыкуле апазіцыянер заклікаў звергнуць дзейную ўладу. Андрэй Клімаў сваёй віны не прызнае і адмаўляецца ўдзельнічаць у следчых дзеяннях.
Гэта трэці арышт Андрэя Клімава за час яго палітычнай дзейнасці, якая пачалася ў 1995 годзе. Раней палітык, дэпутат Вярхоўнага Савета 14 склікання, адзін з ініцыятараў імпічменту Аляксандру Лукашэнку, адсядзеў больш за чатыры гады па абвінавачванні ў эканамічных злачынствах, а пазней адбыў больш за пятнаццаць месяцаў “хіміі” за арганізацыю вулічнай акцыі пратэсту.