Як пазьбегнуць прэвентыўных арыштаў
Незаконныя адвольныя затрыманьні, хлуслівыя сведчаньні міліцыянтаў і, як вынік, адміністратыйныя штрафы й арышты, паціху становяцца звыклай зьявай у нашай барацьбе. Але ж нашая бяспека й свабода залежыць ня толькі ад судзьдзяў-карнікаў і ілжывых супрацоўнікаў міліцыі. Нават у такой досыць няпростай сітуацыі менавіта ад вас саміх залежыць, ці патрапіце вы на суткі, ці прымусіце міліцыянта альбо амапаўца захацець самаму адчапіцца ад вас і хвалявацца пра тое, каб яго кіраўнік ці пракурор па нагляду за МУСам не надаваў яму за вас па галаве.
Далей мы разгледзім найбольш яскравыя прыклады парушэньняў закону з боку міліцыянтаў і прапануем вам некаторыя парады, якія істотна змогуць дапамагчы вам падчас непажаданых сустрэч з міліцыяй.
Памятайце, што затрымаць вас можа толькі супрацоўнік міліцыі, а не якія-небудзь невядомыя асобы ў цывільным. Патрабуйце ў міліцыянтаў, каб яны назвалі свае імя, прозьвішча й званьне, і самае галоўнае – прычыну, па якой вас хочуць затрымаць, бо надалей гэтыя дадзеныя вам могуць спатрэбіцца, у тым ліку, пры абскарджваньні затрыманьня. Не паляніцеся занатаваць гэтую інфармацыю. А лепей за ўсё - запісаць момант затрыманьня й размову з супрацоўнікам міліцыі на дыктафон мабільнага тэлефону. На жаль, такі запіс ня зможа быць доказам ў судзе, але сам факт яго існаваньня прымусіць мілыціянтаў добра падумаць перад тым, як замест трохгадзіннага высвятленьня асобы абвінаваціць вас потым у мелкім хуліганцтве ці непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі.
Як вы ўжо самі добра ведаеце, у міліцыянтаў ёсьць законнае права даставіць вас у пастарунак з мэты высвятленьня вашае асобы й пратрымаць там тры гадзіны, але гэта толькі тады, калі ў вас няма з сабою дакумантаў. Здараецца, што, нават калі вы прад’явіце міліціянтам свой пашпарт, раптам могуць знайсьці ў ім нібыта сьляды падробкі. У гэтым выпадку настойліва адзначце, што вы паказалі свой асноўны дакумэнт, які пацьвярджае вашую асобу як грамадзяніна Беларусі, і адзначце, што вы будзіце пісаць скаргу ў пракуратуру на неабгунтаванае затрыманьне. Часьцей за ўсё, на гэтым размовы пра падарожжа ў пастарунак скончацца.
Калі ж, супрацоўнікі міліцыі ўсё адно не губляюць энтузіязму пазнаёміцца з вамі бліжэй і праехаць ў бліжэйшы РУУС, спытайце іх, па якой прычыне вас затрымліваюць, папрасіце дакладна назваць артыкул Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэньнях. Адмаўляйцеся нават рухацца, пакуль вам дакладна не растлумачаць прычыны вашага затрыманьня. Гэты момант – адзін з самых асноўных у адміністрацыйным працэсе. Ведайце – затрымаюць дзеля высвятленьня асобы, а 15 сутак дадуць за нібы мацюкі й непадпарадкаваньне. Размаўляючы з міліцыянтамі, якія спрабуюць вас затрымаць, гаварыце, што сябры, якія знаходзяцца разам з вамі, калі спатрэбіцца будуць сьведкамі ў судзе, і распавядуць судзьдзі пра незаконныя дзеяньні міліцыянтаў. Калі ж нікога з вашых сяброў побач не апынулася, запытайце у мінакоў, каб яны папрысутнічалі пры вашай размове з міліцыяй, каб пры іх супрацоўнікі распавялі матывы й прычыны вашага затрыманьня, і, напрыканцы, не забудзьцеся папрасіць іх пакінуць вам на ўсялякі выпадак свой тэлефон. Бо можа атрымацца так, што вам вельмі хутка прыйдзецца даказваць у судзе, чаму вы ні з таго ні зь сяго пачалі махаць рукамі й брудна лаяцца на міліцыю.
Пасьля таго, як вас прывязуць у пастарунак, запытайце у каго-небудзь аркуш паперы й асадку, і скажыце, што зьбіраецеся пісаць скаргу на неабгрунтавана затрымаўшых вас міліцыянтаў. Пры складаньні адміністратыўных пратаколаў (зарыманьня й правапарушэньня), патрабуйце ад супрацоўнікаў міліцыі, каб у пратаколе былі адлюстраваныя ўсе вашыя заўвагі (у пратаколе для гэтага ёсьць асобная графа), была апісана вашая вэрсія таго, што адбылося. Упішыце у пратакол імёны ўсіх людзей, якія былі сьведкамі вашага затрыманьня, і потым, ужо ў судзе, папрасіце судзьдзю выклікаць усіх іх на працэс.
Калі вас даставяць у суд, папрасіце судзьдзю даць вам азнаёміцца з матэрыяламі вашае справы (гэта значыць перачытаць усе дакумэнты, якія знаходзяцца ў справе), зьвярніце ўвагу судзьдзі на то, што падчас складаньня пратаколу вам не былі растлумачаны вашыя правы й абавязкі. Нават калі у пратаколе стаіць ваш подпіс пад тое што вы былі праінфармаваны аб правах і абавязках, распавядайце што вам проста сказалі падпісаць у канкрэтных месцах пратакол і ўсё. Ведайце, што сьведкамі супраць вас, хутчэй за ўсё, будуць тыя міліцыянты, якія вас затрымлівалі. У судзе у вас ёсьць права апытваць сьведку – высьвятляйце ў іх дробныя акалічнасьці затрыманьня й абставіны вашага “правапарушэньня” – задавайце падобныя пытаньні усім сьведкам (яны даюць сведчаньні паасобку) – часам так можна падлавіць міліцыянтаў на хлусьне.
Заўсёды майце з сабою сьпіс тэлефонаў асноўных СМІ, знаёмых журналістаў. У выпадку вашага затрыманьня адразу тэлефануйце ім і распавядайце пра акалічнасьці: імёны затрымаўшых вас міліцыянтаў, месца (РУУС) куды вас зьбіраюцца даставіць, прычыны й абставіны затрыманьня й г.д.
Таксама вы можаце загадзьдзя падпісаць дамову з адвакатам, пры гэтым растлумачыць, што вы зьяўляецеся грамадзкім актывістам і маеце падставу лічыць, што Вас могуць затрымаць. Зьвярніцеся ў бліжэйшую адвакацкую кантору й пазнаёмцеся зь некалькімі адвакатамі, пры гэтым вазьміце ў іх нумары тэлефонаў. Вы маеце права мець адваката з моманта адміністратыўнага затрыманьня. Патрабуйце ў супрацоўнікаў міліцыі магчымасьці зьвязацца са сваім адвакатам. У выпадку адмовы з боку міліцыянтаў вам адваката – фіксуйце гэты факт у пратаколе аб адміністратыўным правапарушэньні й абавязкова зьвяртайце на гэта ўвагу судзьдзі падчас разгляду справы.