Яшчэ два актывісты арыштаваныя
Моладзевыя актывісты Павал Маркевіч і Аляксандр Баразенка былі прысуджаныя сёння да трох сутак арышту за ўдзел у акцыі пратэсту супраць адмены льгот. Суд цэнтральнага раёна Менска (суддзя Паўлючук Т.Е.) палічыла, што маладыя людзі парушылі арт. 23.24 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях – “парушэнне правіл правядзення масавых мерапрыемстваў”. Суды над астатнімі ўдзельнікамі акцыі працягваюцца.
Акцыя пратэсту студэнтаў супраць адмены льгот была жорстка разагнаная 1 чэрвеня ў Менску супрацоўнікамі палка міліцыі спецыяльнага прызначэння. Блізу 100 чалавек правялі ў цэнтры горада шэсце-перфоманс. Моладзевыя актывісты неслі ў руках труну, на якой было напісанае “Льготы”. Наперадзе, па ўсіх традыцыях пахавальнай працэсіі, студэнты неслі ў чорнай рамцы вялікі льготны квіток для праезду ў грамадскім транспарце.
Маладыя людзі здолелі прайсці такім чынам сотню метраў – на іх накінуліся супрацоўнікі міліцыі. Як паведамілі прэс-цэнтру Хартыі’97 відавочцы, амапаўцы дзейнічалі жорстка, валілі людзей на зямлю, выкручвалі рукі, збівалі дубінкамі і кулакамі.
Усіх затрыманых даставілі ў Цэнтральны РУУС Менска. Шасцёра актывістаў былі дастаўленыя ў спецпрыёмнік-размеркавальнік ГУУС Менгарвыканкама да суду.