Івана Шылу выкінулі са школы

shyla-ivan.jpg

3 чэрвеня намесьнік старшыні незарэгістраванага ў Беларусі «Маладога фронту» Іван Шыла быў выключаны з салігорскай сярэдняй школы №4. Прычым, адбылося гэта за дзень да апошняга іспыту, які Іван мусіў здаваць у сераду.

Яшчэ напрыканцы траўня ў школе праходзіў пэдсавет, каб не дапусьціць хлопца да іспытаў, але настаўнікі адзінагалосна прынялі рашэньне — дапусьціць Шылу да экзамэнаў. Іван пасьпяхова здаў матэматыку і расейскую мову, заставалася толькі апошняе выпрабаваньне — ангельская мова.

Прыкладна ў гэты самы час у горад гарнякоў прыехала адмысловая камісія зь Менску, якая, па словах некаторых з пэдагогаў, патрабавала, каб маладзёну ўсё ж ня выдалі атэстат аб сярэдняй адукацыі. Прапаноўвалася нават ануляваць вынікі першых іспытаў, нібыта хлопец сьпісваў, але пэдагагічны калектыў зноў адмовіўся пайсьці на гэты крок.

Як кажа Іван, на дырэктарку школу рабіўся пастаянны ціск. З гэтай нагоды Вольга Сянькова нават напісала заяву аб звальненьні, звольнілі і намесьніка дырэктара па выхаваўчай працы. Перад фактам звальненьня таксама апынуліся начальнік аддзелу адукацыі гарвыканкаму і яшчэ тры намесьнікі дырэктара школы.

У аўторак 3 чэрвеня ў гарвыканкаме ў тэрміновым парадку была скліканая камісія па справах непаўналетніх, якая і прыняла ізноў жа адзінагалоснае рашэньне аб выключэньні Івана Шылы са школы. Такім чынам, хлопец ня зможа здаць апошні іспыт для атрыманьня дыплёму.

Іван усё адно зьбіраецца заўтра ісьці на экзамэн, бо лічыць такое рашэньне незаконным.

 

Паводле Нашай Нівы