Ізноўку артыкул 193'1?
Актывіста Берасьцейскага Маладога Фронту выклікаюць у пракуратуру для дачы тлумачэньняў наконт дзейнасьці ў моладзевым руху.
Берасьцейскага маладафронтаўца Міхася Ільіна выклікаюць 5 жніўня ў пракуратуру Берасьцейскай вобласьці "для дачы тлумачэньняў у сувязі з парушэньнем Закона "Аб грамадзкіх аб'яднаньнях".
Так паведамляецца ў позве за подпісам пракурора адзьдзела па наглядзе за выкананьнем заканадаўства і законнасьці прававых актаў, старэйшага дарадцы юстыцыі А.С. Пунько.
"Выклік да пракурора для дачы тлумачэньняў можа быць першым крокам для ўзбуджэньня крымінальнай справы па сумнавядомым артыкуле 193'1. Але, магчыма, гэта толькі чарговая спроба прыстрашыць моладзевых актывістаў", - лічыць Міхась Ільін.
Позва аформлена некарэктна: не зазначана, у якасьці каго маладафронтаўца выклікаюць да пракурора, а таксама позва была ўкінута ў паштовую скрыню, а ня ўручана пад подпіс, таму Міхась Ільін не намерваецца ісьці ў пракуратуру.
Як паведаміў маладафронтавец, гэта ўжо другая па ліку позва: першая прыйшла 22 ліпеня, але Ільін у той час быў па-за межамі Беларусі.
Паводле mfront.net
Post new comment