“Моладзевы бюлетэнь” прыцягнуў увагу міліцыянтаў

uff-1.jpg

Учора, 5 верасьня, каля 20-00 ў Магілеве за распаўсюд “Моладзевага бюлетэня” былі затрыманы трое юнакоў. Гэта здарылася ў цэнтры гораду на пешаходнай вуліцы Ленінскай. У моладзевых актывістаў Алеся Анісімава, Кастуся Яўсеева, Арцёма Давыдава міліцыянты сканфіскавалі 173 асобнікі “Моладзевага бюлетэня”. Моладзевы бюлетэнь UFF-BY.org” – гэта неперыядычнае маланакладнае студэнцкае выданьне пра культуру, мастацтва і студэнцкае жыцьцё ў Беларусі. Сканфіскаваны нумар быў прысвечаны фэстывалю “Басовішча-2007”. Непаўнагадовых юнакоў трымалі ў міліцыі больш за тры гадзіны.

Фармальнай падставай для затрыманьня стала адсутнасьць у выданьнях выходных дадзеных, акрамя пазначэньня накладу: 299 экзэмпляраў.
Міліцыянты склалі пратакол канфіскацыі.

Як паведаміў магілеўскі праваабаронца Барыс Бухель, аднаго з затрыманых Арцёма Давыдава чакае разбіральніцтва на камісіі па месцы вучобы – у Магілеўскім сацыяльна-гуманітарным каледжы. Акрамя таго ёсьць інфармацыя, што ўсімі трымя юнакамі зацікавіліся мясцовыя кадэбісты. Верагодна, неўзабаве іх чакае гутарка з супрацоўнікамі гэтага ведамства.

Па інфармацыі ПЦ Вясна