140 тысяч рублёў штрафу за лекаваньне алькаголікаў
Кастрычніцкі суд Магілёва сёньня пакараў штрафам у памеры чатырох базавых велічынь прадпрымальніцу Людмілу Бацюк. Яна дапамагала сем’ям, у якіх ёсьць хворыя на алькагалізм. Судзьдзя Ірына Цяплова прызнала прадпрымальніцу вінаватай у стварэньні рэлігійнай арганізацыі. Ініцыяваў судовы працэс аддзел ідэалягічнай працы Кастрычніцкага райвыканкаму Магілёва.
У сваёй дзейнасьці Людміла Бацюк выкарыстоўвала хрысьціянскія мэтады лекаваньня алькагалізму. Паводле яе, мэтодыкі, якія яна выкарыстоўвала ў працы, маюць пазытыўныя водгукі зь Міністэрства аховы здароўя Беларусі. Вінаватай яна сябе ня лічыць і заяўляе, што працягне сваю чыннасьць:
“Я веру ў справядлівасьць. Я дапамагаю сем’ям, у якіх ёсьць алькагольная залежнасьць альбо наркатычная залежнасьць. Некаму не спадабалася гэта, і яны напісалі скаргу, дзе сказалі, што я ствараю рэлігійную арганізацыю безь дзяржаўнай рэгістрацыі. Я прадставіла ўсе дакумэнты ў сваё апраўданьне. І я не разумею, чаму мяне так зьняважылі”.
Ініцыяваў судовы працэс аддзел ідэалягічнай працы Кастрычніцкага райвыканкаму Магілёва. Паводле начальніцы аддзелу Ірыны Бацішчавай, Бацюк незаконным шляхам уцягвала людзей ў рэлігійную дзейнасьць.
Пра дзейнасьць прадпрымальніцы чыноўнікі даведаліся з абвестак на прыпынках грамадзкага транспарту. На іх, даводзіла суду Ірына Бацішчава, быў пазначаны адрас і тэлефон Людмілы Бацюк.
Паводле чыноўніцы, яна, супрацоўнікі яе аддзелу ды міліцыянты некалькі разоў наведваліся па пазначаным у абвестцы адрасе і засьпявалі там групу людзей з васьмі-дзесяці чалавек. Яны сядзелі за сталом, на якім была раскладзеная рэлігійная літаратура. Сьцены пакою былі абклееныя рэлігійнымі карцінамі. Усіх прысутных дастаўлялі ў міліцыю — там яны давалі тлумачэньні што да свайго знаходжаньня ў доме прадпрымальніцы.
Людміла Бацюк заявіла суду, што не распаўсюджвала абвестак пра сваю дзейнасьць. Што да рэлігійных літаратуры ды карцінак на сьценах і стале, то паводле яе, міліцыянты наўмысна фатаграфавалі толькі такія. Іншых яны не заўважалі. Акрамя таго, фатаграфаваньне праходзілі безь яе прысутнасьці й без дазволу.
Судзьдзя Ірына Цяплова палічыла аргумэнты начальніцы аддзелу ідэалягічнай працы больш абгрунтаванымі і пастанавіла за стварэньне рэлігійнай арганізацыі пакараць Людмілу Бацюк штрафам у памеры чатырох базавых велічыняў — гэта 140 тысяч рублёў.
Цягам трох судовых паседжаньняў падтрымаць Людмілу Бацюк прыходзілі людзі, якім яна дапамагла. Яны лічаць вырак суду несправядлівым. Меркаваньне наведніка заняткаў Аляксандра:
“Цяпер ёй будзе цяжка ачуняць з-за гэтай несправядлівасьці. Яна дапамагае людзям, а яе за гэта судзяць. Як бы яна не апусьціла рукі. Вось гэтага я баюся. Да гэтага суду ўсім яна дапамагала”.
Людміла Бацюк — інвалід трэцяй групы. Дапамагаць людзям яна стала пасьля таго, як вылечыла свайго мужа ад алькагалізму. За сваю дапамогу грошай зь людзей яна не бярэ. Тыя, каму прадпрымальніца дапамагла цяпер, самі дапамагаюць іншым.
Сёньняшні вырак Людміла Бацюк мае намер абскардзіць у абласным судзе.
Колькасьць хворых на алькагалізм на Магілёўшчыне расьце. На наркалягічным уліку знаходзяцца каля дваццаці трох тысячаў чалавек. Штогод колькасьць алькаголікаў павялічваецца прыкладна на тысячу чалавек.
Паводле міністра аховы здароўя Беларусі Васіля Жарко, з 2005 да 2008 году спажываньне алькаголю ў пераліку на чысты сьпірт на душу насельніцтва вырасла ў 1,3 разу. Летась кожны беларус выпіў у сярэднім 12,4 літра ў пераліку на чысты сьпірт. Планка, пасьля якой пачынаецца актыўная дэградацыя, — 8 літраў на чалавека за год.
Паводле радыё Свабода
Post new comment