Праваабаронца нагадвае Канстытуцыйнаму Суду пра Канстытуцыю
Менскі праваабаронца Сяргей Усьцінаў патрабуе ад Канстытуцыйнага Суду вынесьці рашэньне аб роўнасьці грамадзянаў, якія ўтрымліваюцца ў зьняволеньні, на атрыманьне пасылак, перадач, бандэроляў. Нагадаем, што набыўшы сілу ў 2007 годзе працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністратыўных правапарушэньнях{ПВКоАП} забараніў адміністратыўна арыштаваным атрымоўваць харчовыя перадачы і пасылкі, што значна пагоршыла іх прававое палажэньне ў параўнаньні з асобамі, якія асуджаныя да пазбаўленьня волі ў крымінальным парадку. -Правапарушэньне тым і адрозьніваецца ад злачынства, што мае меньш небясьпечныя наступствы і караецца меньш важкім спагнаньнем, і ня слушна, калі гэтае спагнаньне адбываецца ў горшых умовах, чым у крымільна асуджаных,- адзначае ў сваёй заяве праваабаронца. Роўнасьць усіх грамадзянаў замацаванае ў артыкуле 22 Канстытуцыі. Гэтае палажэньне датычыцца ў тым ліку як адміністратыўна арыштаваных, так і крымінальна асуджаных. З моманту набыцьця сілы ў ПВКоАП уносіліся зьмены і дапаўненьні больш за 20 разоў. За парушэньне правіл унутранага распарадку адміністратыўна арыштаваныя могуць нават утрымлівацца ў карцэры , але пытаньне харчовых перадачаў так і застаецца незаўважным заканадаўцам. - Лічу абавязкам Канстытуцыйнага Суду вынесьці рашэньне, якое не пагаршае ўмовы адбыцьця адміністратыўнага арышта ў параўнаньні з умовамі адбыцьця пакараньня ў выпраўленчых установах,- упэўнены ў сваёй рацыі Сп.Усьцінаў Варта адзначыць, што сёлета найвышэйшая судовая інстанцыя краіны прыняла толькі адно рашэньне што да роўных гарантыяў рэалізацыі права грамадзянаў на абарону ад беспрацоў’я і ня лічыць сваім абавязкам штогод прымаць рашэньні аб стане канстытуцыйнай законнасьці за мінуўшы год. У адрозьненьне ад іншых дзяржаваў беларусы пазбаўленыя права на наўпроставы зварот у КС з канстытуцыйнай скаргай.
Post new comment