Арцём Дубскі: “Праблемы выжывання для тых,хто за кратамі амаль такія, як у часы савецкіх лагероў.”
Палітвязень Арцём Дубскі, вызвалены пасля дзесяці месяцаў калёніі агульнага рэжыму, звярнуўся ў камітэт “Салідарнасць”, каб атрымаць магчымасць паправіць здароўе пасля зняволення і працягнуць адукацыю. Падчас сустрэчы Арцём паведаміў пра ўмовы ўтрымання асуджаных у беларускіх калёніях. — Перш за ўсё трэба сказаць, што ў беларускіх турмах па-ранейшаму не выконваюцца міжнародныя правілы ўтрымання зняволеных,прынятыя ААН, адсутнічае кантроль за выкананнем правоў асуджаных, —заявіў Арцём Дубскі. —Я б нават казаў,мала што змянілася з часоў ГУЛагу. Калёніі застаюцца месцам, дзе чалавека спрабуюць маральна прынізіць, зламаць.Даюць зразумець, што скардзіцца бессэнсоўна, ніхто не будзе прыслухоўвацца. Людзі вымушаныя шукаць адмысловыя захады, каб перадаць інфармацыю на волю, атрымаць тэлефонную картку, ці нейкія элементарныя рэчы (мыла, напрыклад). Большасць зняволеных— з-за дрэннай вады і ежы ў выглядзе штодзенных макарон з тлушчам— хварэюць на страўнікі, у іх псуецца зрок і крышацца зубы. Пры гэтым медычная дапамога ў калёніі на пячэрным узроўні. Так што праблемы выжывання для тых, хто за кратамі амаль такія, як у часы савецкіх лагероў. Адзінае, што змянілася—гэта ўзровень карупцыі ў месцах зняволення. Сістэма перадачы “бясплатнай” дапамогі у выглядзе будматэрыялаў, кампутараў, плазменых тэлевізараў распрацавана дасканала.Улічваючы, што зараз сядзіць шмат былых кіраўнікоў прадпрыемстваў, гандль за пазачарговыя спатканні і пасылкі ідзе досыць паспяхова. Тым жа асуджаным, з якіх няма чаго ўзяць, даводзіцца вынаходзіць розныя хітрыкі, каб дабіцца чаго-небудзь. Прывяду цікавы прыклад. Падчас зняволення да мяне як да “палітычнага” звярталася іншыя асуджаныя, паколькі лічылі, што я магу дапамагчы палепшыць ўмовы ўтрымання. Таму я паклаў мэтай збіраць карысную інфармацыю. Нават ад новых асуджаных. Але як сустрэцца з тымі, хто сядзіць у іншых сектарах? Кожны раз трэба пісьмова звяртацца за дазволам, указваць з якой мэтай сустракаюсь, на колькі гадзін і інш. У мяне на вопратцы была бірка “Дубскі БР-22”, я перарабляў на ёй лічбы, і мог пайсці, напрыклад, у 12 атрад, 2 брыгаду. Потым, калі маё прозвішча запамяталі, я за пачку сігарэт раздрукваў сабе бірку ”Іваноў.С.А., брыгада 132” і хадзіў такім чынам у іншыя сектары. Праўда, рызыкаваў тым, што хтосьці спакусіцца мяне “здаць”. Даносы, па- ранейшаму, лічыцца падмуркам парадку на “зоне” і ўселяк заахвочваюцца. Хтосьці прадаецца, але я ўзгадваю шмат выпадкаў, калі мяне папярэджвалі самі асуджаныя аб тых правакацыях, якія іх прасілі здзейсніць супраць мяне. 10 месяцаў за кратамі я вучыўся абараняць сябе і іншых. Перш за ўсе я зразумеў, наколькі важна валодаць рознага кшталту інфармацыяй, ведаць законы, працаваць з дакумэнтамі, дабываць даведкі. На сённяшні дзень у мяне шмат фактаў парушэнняў ва існуючай турэмнай і судовай сістэмах і я збіраюсь звяртацца ў Дэпартамент выканання пакаранняў. Чакаю, што міжнародныя і беларускія праваабарончыя арганізацы звярнуць увагу на стандарты ўтрымання ў беларускіх папраўчых установах. Змены ў гэтай сістэме могуць адбыцца толькі, калі яна стане больш празрыстай—а гэта справа доўгатэрміновая. Але ўжо сёння магчыма дабівацца грамадскага кантроля і падтрымкі кожнага, хто незаконна апынуўся за кратамі,—падкрэсліў Арцём Дубскі.
Post new comment