Праграма Кастуся Каліноўскага на 2011-2012 гады пачала дзейнічаць.
Пасля падзей 19 снежня на запыт Камітэта абароны рэпрэсаваных”Салідарнасьць” польскі ўрад прыняў рашэнне арганізаваць адмысловы дадатковы набор на праграму Каліноўскага для тых маладых людзей, якія актыўна ўдельнічалі у прэзідэнцкіх выбарах на баку незалежных кандыдатаў і апынуліся пад непасрэднай пагрозай крымінальнага пераследу.
59 маладых беларусаў былі запрошаныя ў Польшчу, каб узяць удзел у Падрыхтоўчых курсах польскай мовы і культуры ў перыяд з сакавіка па верасень 2011 года,пасля заканчэння якіх іх накіруюць на навучанне ў польскія ВНУ.
Ужо з сярэдзіны сакавіка стыпендыятаў сабралі у Варшаве, каб прапанаваць змястоўную культурную праграма, экскурсіі, лекцыі, наведванне найважнейшых устаноў польскай сталіцы. Пасля гэтага частка удзельнікаў застанецца ў Варшаве, а іншыя накіруюцца ў Кракаў і Вроцлаў, каб пачаць вывучаць польскую мову.
- Вы трапілі ў добры час у нашу краіну, - звярнулася да юнакоў і дзяўчат міністр навукі і вышэйшай адукацыіі Польшчы Барбара Кудрыцка падчас урачыстага адкрыцця праграммы Каліноўскага 21 сакавіка ў Міністэрстве замежных спраў Польшчы. - Пасля тых выпрабаванняў, якія вы зазналі ўзімку на сваёй радзіме, польская вясна, салідарнасць палякаў, - мы спадзяемся - адагрэе вашыя душы і сэрцы.
Міністр выказала ўпэўненасць, што той час, які беларускія студэнты будуць знаходзіцца ў Польшчы, будзе вельмі цікавым і важным для іх жыцця, дапаможа вярнуцца дадому з выдатным багажом ведаў.
- Каб стыпендыяты хутчэй пазнаеміліся з польскай адукацыйнай сістэмай, першыя паўгады яны будуць жыць у такіх гарадах, дзе студэнцкае жыццё не спыняецца пасля сканчэння заняткаў, - адзначыў дырэктар праграмы Ян Маліцкі. - Падрыхтоўчыя курсы ў Варшаве, Вроцлаве і Кракаве дапамогуць беларускім студэнтам адаптавацца і лепш зразумець тыя магчымасці, якія перад імі адкрываюцца. Кожны студэнт будзе атрымліваць стыпендыю 900 злотых на месяц, месца ў інтэрнаце і шэраг іншых прывілеяў. Мы запланавалі для іх таксама супольныя мерапрыемствы са “старымі” каліноўцамі і цікавыя летнія вакацыі.
Намеснік міністра замежных спраў Польшчы Кшыштаф Станоўскі падкрэсліў факт, што беларускіх студэнтаў запрасілі ў міністэрства, дзе адбываюцца сустрэчы на самым вышэйшым дзяржаўным узроўні. Гэта сведчыць пра тое, што студэнтаў-каліноўцаў успрымаюць у Польшчы як пакаленне людзей, адказных за будучую дэмакратычную Беларусь.
У імпрэзе бралі ўдзел кіраўніца камітэта абароны рэпрэсаваных “Салідарнасьць” Іна Кулей і лідэр Руху “За Свабоду” Аляксандр Мілінкевіч. Яны звярнуліся з віншаваннем да маладзёнаў і адначасова нагадалі пра вялікую адказнасць, што на іх ускладаецца.
На той клопат і падтрымку, якую будучыя студэнты ўжо мелі магчымасць адчуць з боку польскага ўраду і простых палякаў, яны мусяць адказаць добрай вучобай і годным стаўленнем.
- Менавіта па вам будуць меркаваць якой будзе новая Беларусь,-- падкрэсліў Аляксандр Мілінкевіч.--Удзел у праграме Каліноўскага - гэта не гарантыя , гэта вялікі шанец атрымаць еўрапейскія веды, еўрапейскі дыплём, каб далей быць карыснымі сваёй радзіме, будаваць дэмакратычнае грамадства ў Беларусі.
Нагадаем, праграма імя К.Каліноўскага была заснаваная як рэакцыя салідарнай Польшчы на падзеі ў Беларусі 30 сакавіка 2006 года і падпісаная Аляксандрам Мілінкевічам і Казімежам Марцінкевічам, зацверджаная Канферэнцыяй рэктараў польскіх акадэмічных школ (KRASP) і Канферэнцыяй рэктараў польскіх універсітэтаў. У першым годзе дзейнасці Праграмы ў ліпені 2006 года былі прынятыя на вучобу 244 асобы па 77 розных напрамках, у чацвёртым наборы ў 2009 годзе - 44 чалавекі па 26 напрамках.
Post new comment