НЕБЯСПЕЧНАЯ СУДОВАЯ ПРАКТЫКА
Беларускія грамадзяне, звяртаючыся ў суд, мала спадзяюцца на справядлівасць, асабліва калі гэта закранае інтарэсы дзяржавы ці асобных дзяржаўных службоўцаў.
Малады хлопец Цімафей Атрошчанкаў, адбыўшы адміністрацыйнае пакаранне ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на вул. Акрэсьціна, Звярнуўся ў суд Маскоўскага раёна горада Мінска з позвай аб матэрыяльнай кампенсацыі маральнай шкоды.
Справа ў тым, што пасля арышту ў яго пачаліся болі ў спіне, ён звяртаўся ў медыцынскі цэнтр да неўрапатолага, які паставіў дыягназ "вертэбрагенная люмбалгія, устойлівы ўмераны болевы і рэфлекторна-танічны сіндром."
У сваёй пазоўнай заяве Цімафей пералічыў не толькі шкоду здароўю, прычыненую падчас адбывання адміністрацыйнага арышту, але і маральныя пакуты, перажытыя за 9 сутак у перапоўненай камеры, пры нізкай тэмпературы, без пасцельнай бялізны і свежага паветра.
Пазоў разглядала суддзя суду Маскоўскага раёна Мінска - Рудніцкая Е.Б., якая вынесла пастанову, што гэтая справа непадведамасная суду.
На просьбу камітэта абароны рэпрэсаваных “Салідарнасьць” праваабаронца Сяргей Усцінаў пракаментаваў гэтую пастанову:
- На мой погляд, яна супярэчыць нацыянальнаму заканадаўству, бо права грамадзяніна на матэрыяльную кампенсацыю шкоды гарантуецца арт. 60 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, і з'яўляецца спосабам абароны грамадзянскіх правоў. Справы аб матэрыяльнай кампенсацыі маральнай шкоды разглядаюцца толькі ў грамадзянскім судаводстве. І небяспека такіх пастановаў у тым, што чалавека пазбаўляюць права доступу да суду.
Трэба адзначыць, што суды не першы раз выносяць такія пастановы. Так яны выпрацоўваюць небяспечную судовую практыку - адмаўляць грамадзянам у правасуддзі.
Кампенсаванне за парушанае права з’яўляецца адным з крытэраў эфектыўнага сродку прававой абароны, што прадугледжана падпунктам (а) пункта 3 артыкула 2 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Нягледзячы на тое, што Цімафея гэтага права пазбавілі, мы будзем абскарджываць гэтую пастанову і спадзяемся, што вышэйшыя суды адменяць яго і мы зможам давесці, што хлопцу была прычыненая шкода.
Post new comment